Шэф ВМС Нямеччыны пайшоў у адстаўку пасьля скандальных выказваньняў пра Крым

Кай-Ахім Шэнбах, архіўнае фота

Камандзір ВМС Нямеччыны Кай-Ахім Шэнбах пайшоў у адстаўку пасьля скандальных сьцьверджаньняў аб тым, што акупаваны Расеяй Крым ніколі ня вернецца ва Ўкраіну.

Афіцыйнае паведамленьне Міністэрства абароны Нямеччыны чакаецца ў бліжэйшы час. Пра адстаўку Кая-Ахіма Шэнбаха ўжо паведамілі са спасылкай на крыніцы нямецкія выданьні Bild і FAZ.

Як паведамляюць журналісты, 56-гадовы віцэ-адмірал пакідае вайсковую службу, афіцыйна па ўласным жаданьні. 22 студзеня ён падаў заяву аб адстаўцы міністру абароны, які задаволіў яго просьбу.

Таксама Шэнбах заявіў, што Ўкраіна ня можа адпавядаць крытэрам сяброўства ў NATO. МЗС Украіны выклікаў амбасадара Нямеччыны пасьля такіх выказваньняў шэфа ВМС, падкрэсьліваючы катэгарычную непрымальнасьць падобных выказваньняў. Таксама ў МЗС нямецкаму дыплямату выказалі глыбокае расчараваньне Кіева пазыцыяй нямецкага ўраду адносна непрадастаўленьня Ўкраіне абарончай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць нападу вышэйшая за 50%». Амэрыканскі дасьледчык пра расейскі ціск на Ўкраіну і Захад

У ведамстве адзначылі, што Ўкраіна спадзяецца на далейшую больш актыўную пазыцыю Нямеччыны ў падтрымцы, ва ўмацаваньні абараназдольнасьці Ўкраіны супраць пагрозы шырокамаштабнага расейскага ўварваньня, выкарыстаньні іншых эфэктыўных сродкаў стрымліваньня для забесьпячэньня бясьпекі ў Эўропе.

16 студзеня 2022 году, перад візытам міністра замежных спраў Нямеччыны Анналены Бэрбак у Кіеў, Украіна ў чарговы раз заклікала афіцыйны Бэрлін даць зброю, заявіў амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік. Аднак Бэрбак пасьля візыту заявіла, што Нямеччына не зьмяніла сваёй пазыцыі і будзе падтрымліваць Украіну дыпляматыяй, а ня зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 90 тон зброі і боепрыпасаў: ва Ўкраіну прыбыла першая партыя амэрыканскай вайсковай дапамогі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Нямеччыны расказала, чым гатова дапамагчы Ўкраіне ў супрацьстаяньні з Расеяй