Як распавядае прэс-служба «Літоўскіх чыгунак», да іх зьвярнулася «Беларуская калійная кампанія» з просьбай заключыць з 24 студзеня дамову на перавозку калійных угнаеньняў чыгуначным транспартам празь Літву. Кампанія аргумэнтуе гэта неабходнасьцю выкананьня сваіх абавязацельстваў па рэалізацыі ўгнаеньняў з Клайпэдзкага порту. Таксама на перавозку ўгнаеньняў празь Літву прэтэндуюць кампаніі «Белінтэртранс» і «Белкалій-Мігао».
Як адзначаюць у «Літоўскіх чыгунках», ім патрэбныя прававыя падставы, каб адмовіць кампаніям у заключэньні пагадненьняў і тым самым спыніць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў празь Літву, інакш адмова пагражае прэтэнзіямі як да «Літоўскіх чыгунак», так і для дзяржавы. Таму кампанія зьвярнулася ў Каардынацыйную камісію па ахове аб’ектаў, важных для гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі. Камісія павінна вырашыць, ці не пагражае нацыянальным інтарэсам заключэньне кантрактаў з гэтымі беларускімі кампаніямі.
«Беларуськалій» экспартуе мінэральныя ўгнаеньні праз «Беларускую калійную кампанію». Доля «Беларуськалія» ў БКК складае 48 працэнтаў. У пачатку сьнежня 2021 году «Беларуская калійная кампанія» патрапіла пад санкцыі ЗША, але з адтэрміноўкай у 120 дзён (да пачатку красавіка).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўскія чыгункі» афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» аб скасаваньні дамовы з 1 лютага- Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.
- 9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, у тым ліку ААТ «Беларуськалій». Гэтыя санкцыі набылі моц 8 сьнежня.
- У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.
- Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой. Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.
- 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы.
- «Літоўскія чыгункі» ўжо афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» аб скасаваньні дамовы з 1 лютага.