Нацбанк прагназуе, што ў 2022 годзе беларуская эканоміка сутыкнецца «са складанымі зьнешнеэканамічнымі ўмовамі», гаворыцца ў дакладзе першага намесьніка старшыні праўленьня Нацбанку Сяргея Калечыца, апублікаваным сёньня рэгулятарам.
Сярод асноўных рызык для эканомікі ў 2022 годзе ў Нацбанку называюць «складаныя зьнешнеэканамічныя ўмовы». Сярод іх:
- няпростая эпідэміялягічная сытуацыя ў сьвеце і распаўсюд новых хваляў каранавірусу,
- скарачэньне аб’ёмаў вытворчасьці ў краінах — гандлёвых партнэрах Беларусі на фоне неспрыяльных умоваў надворʼя і энэргетычнага крызісу,
- транспартныя цяжкасьці ў ланцужках паставак, рост транспартных выдаткаў з прычыны недахопу кантэйнэраў і падаражэньня фрахту;
- неаднароднае аднаўленьне эканомік і захаваньне мяккай грашова-крэдытнай палітыкі ў вядучых эканамічных цэнтрах на фоне высокіх тэмпаў інфляцыі ў сьвеце.
«Нароўні з названымі рызыкамі санкцыйны ціск на нашу краіну, які працягваецца, абумоўлівае неабходнасьць гнуткага рэагаваньня на зьменлівую каньюнктуру і прыняцьце своечасовых мераў для забесьпячэньня ўстойлівага функцыянаваньня беларускай эканомікі», — адзначае Сяргей Калечыц.
Таксама ў дакладзе гаворыцца, што ў 2022 годзе перад Нацбанкам і ўрадам стаіць задача дабіцца зьніжэньня тэмпаў інфляцыі да 6% у год. У 2021-м інфляцыя склала 9,97%. Для гэтага ў 2022 годзе плянуецца захаваць дзейныя падыходы да рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі.
Што да стаўкі рэфінансаваньня, у дакладзе прагназуецца, што яе сярэднегадавое значэньне ў 2022 годзе складзецца ў межах 9–10% гадавых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ параіў Беларусі ўрэзаць бюджэтныя выдаткі ва ўмовах санкцый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк прагназуе падзеньне беларускага ВУП у 2022 годзе на 2,8%