Чарговы раз тэму магчымай вайны Аляксандар Лукашэнка закрануў падчас размовы з журналістамі пасьля наведваньня вайсковых аб’ектаў у Лунінецкім раёне.
«Мы выбудоўваем сваю бясьпеку зыходзячы з таго, каб абараняць нашы рубяжы, каб абараніцца. Хто б мог уявіць, што нам давядзецца ў гэтыя дні выбудоўваць абарону ад родных нам людзей? Выбудоўваць ня проста плот, але самую дарагую сыстэму бясьпекі на паўднёвых рубяжах», — перадае словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Лукашэнка чарговым разам узьняў тэму гіпатэтычнай вайны. Ён падкрэсьліў, што калі супраць «саюзнай дзяржавы» пачнуць разгортваць арміі, ставіць на мяжу выжываньня санкцыямі, запалохваць і пагражаць, то Беларусь і Расея тады «ламануць так, што мала не падасца».
«Таму з намі ня трэба зьвязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы, і па тэрыторыі: ад Берасьця да Ўладзівастоку — ужо многія спрабавалі, мы памятаем. Чым скончылася — зразумела. Таму ня трэба нас тузаць. Мы нікому ў агарод ня лезем, у нас дастаткова зямлі. Дай бог яе ўтрымаць і асвоіць. Вось нашы мэты. Але яшчэ раз паўтараю, калі хтосьці не зразумеў: мала не падасца. Я не пагражаю, я проста папярэджваю: уратуй вас бог!» — сказаў Лукашэнка.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, ён закрануў тэму абвешчанага ўчора рэфэрэндуму па зьменах у Канстытуцыю і назваў умову, пры якой ён можа не адбыцца.
«Рэфэрэндум па Канстытуцыі ў Беларусі можа не адбыцца толькі ў адным выпадку — калі, ня дай бог, пачнецца вайна. Я пра гэта казаў. Я думаю, не пачнецца. Таму мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў ён.
Учора стала вядома, што рэфэрэндум прызначаны на 27 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на вайсковай нарадзе ў Лунінцы абвінаваціў Кіеў, што з душы ўкраінскай нацыі «вырываюць памяць славянскіх народаў»