У сувязі з правядзеньнем рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю Беларусі прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выступілі з супольнай заявай.
У ёй, сярод іншага, праваабаронцы зазначылі, што ня змогуць накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасаваньня, аднак запусьцяць экспэртную місію для назіраньня за рэфэрэндумам.
«На жаль, у апошнія 1,5 года замест эфэктыўнага дыялёгу зь людзьмі і грамадзянскай супольнасьцю ў абмеркаваньні прапановаў у зьменах Канстытуцыі, дээскаляцыі сытуацыі ў краіне ўлады яшчэ больш раскруцілі махавік рэпрэсій і перасьледу іншадумцаў, прынялі пакет драконаўскіх зьменаў у заканадаўства», — адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Яны называюць сытуацыю з асноўнымі правамі і свабодамі ў Беларусі «сапраўднай катастрофай», падкрэсьліваючы, што грамадзтва цяпер знаходзіцца «ў атмасфэры татальнага страху», калі любыя крытычныя заўвагі зьяўляюцца нагодай для перасьледу на працы, адвольнага пазбаўленьня волі, ужываньня гвалту і катаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум аб Канстытуцыі на 27 лютагаПраваабаронцы падкрэсьліваюць, што шматлікія ўдзельнікі палітычнага працэсу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадзтва, знаходзяцца ў няволі, некаторыя — дэ-факта ў выгнаньні з краіны. За апошнія 1,5 года Беларусь пакінулі, ратуючыся ад перасьледу, больш за 100 тысяч актыўных грамадзян. Разгромлены незалежныя СМІ, дзясяткі журналістаў за кратамі, сотні — у вымушанай эміграцыі. Сотні арганізацый грамадзянскай супольнасьці ліквідаваныя, у тым ліку тыя, якія ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, накіроўвалі назіральнікаў на выбары.
«У такіх умовах зрабілася немагчымай рэалізацыя прынцыпу народаўладзьдзя, у тым ліку немагчымы паўнавартасны свабодны і дэмакратычны працэс прыняцьця зьменаў у Канстытуцыю, — падкрэсьліваюць праваабаронцы. — Рэфэрэндум — гэта ня толькі дзень галасаваньня. Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія — гэта, найперш, атмасфэра, умовы, калі ў поўнай ступені рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і НАК зрабілі заяву наконт рэфэрэндумуУ сувязі з гэтым кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначыла, што ня бачыць магчымасьці арганізоўваць, як раней, поўнамаштабнае назіраньне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасаваньня падчас правядзеньня абвешчанага рэфэрэндуму па прыняцьці зьменаў і дадаткаў у дзейсную Канстытуцыю. Аднак праваабаронцы паведамілі аб запуску экспэртнай місіі па назіраньні за гэтым працэсам, прадметам якой будзе «ацэнка яго адпаведнасьці міжнародным стандартам, што тычацца правядзеньня сапраўднай, свабоднай і дэмакратычнай выбарчай кампаніі».
Раней ад назіраньня на рэфэрэндуме па Канстытуцыі адмовілся дэмакратычныя партыі: Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Партыя БНФ выступілі з сумеснай заявай наконт рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя партыі адмовіліся ад назіраньня на рэфэрэндуме аб Канстытуцыі