Першая зь дзьвюх кніг, якія ўвекавечылі імя Льюіса Кэрала (Lewis Carroll), выйшла ў 1865 годзе пад загалоўкам Alice’s Adventures in Wonderland (у англамоўным сьвеце яна таксама вядомая пад спрошчанай назвай Alice in Wonderland). На беларускую мову кнігу пераклаў Макс Шчур, зьбеларусіўшы імя галоўнай гераіні: пераклад Макса Шчура пад назвай «Алесіны прыгоды ў Цудазем’і» выйшаў у 2013 годзе.
Другая славутая кніга Льюіса Кэрала выйшла пад канец 1871 году, хоць датаваная была 1872 годам: Through the Looking-Glass, and What Alice Found There (спрошчаныя ангельскія назвы: Alice Through the Looking-Glass або Through the Looking-Glass). Кнігу на беларускую мову перакладалі Макс Шчур і Вера Бурлак. У Макса Шчура загаловак гучыць: «На тым баку люстра, і што там напаткала Алесю» (2016); у Веры Бурлак — «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» (2017).
Духоўнік
Чарлз Латўідж Доджсан (Charles Lutwidge Dodgson) нарадзіўся 27 студзеня 1832 году ў шматдзетнай сям’і вясковага англіканскага сьвятара: у Чарлза было сем сёстраў і трох братоў. У 1850 годзе ён стаў вучыцца ў адным з самых элітных каледжаў Оксфардзкага ўнівэрсытэту — Christ Church, дзе праявіў вялікія здольнасьці ў матэматыцы і тэалёгіі. У каледжы ён прыняў духоўны сан, але не сьвятара, толькі дыякана. Гэта давала яму права выступаць з казанямі без абавязку працаваць у канкрэтнай парафіі. Сан дыякана таксама дазваляў Чарлзу заставацца ў каледжы Christ Church на розных пасадах ажно да самай сьмерці, якая наступіла 14 студзеня 1898 году. У прыватнасьці, Чарлз доўгі час працаваў у бібліятэцы каледжа, якая месьцілася непадалёк ад кватэры дэкана каледжа, Генры Лідэла, чыя дачка Эліс стала правобразам Алісы/Алесі ў дзьвюх славутых кніжках Льюіса Кэрала.
Матэматык
Матэматычныя здольнасьці Чарлза Доджсана далі яму права чытаць лекцыі па матэматыцы ў каледжы Christ Church на працягу больш як чвэрці стагодзьдзя. Гэтыя лекцыі забясьпечвалі яму фінансавую стабільнасьць у жыцьці і дазвалялі займацца ўлюбёнымі рэчамі — фатаграфіяй і літаратурай, якія асаблівых прыбыткаў не прыносілі, прынамсі на раньнім этапе.
У рамках навучальнай матэматыкі Доджсан працаваў у асноўным у галіне геамэтрыі, лінейнай і матрычнай альгебры, матэматычнай лёгікі і забаўляльнай матэматыкі, выдаў блізка дзясятка матэматычных кніг. Ён таксама распрацоўваў новыя ідэі ў галіне лінейнай альгебры (напрыклад, яму належыць першы друкаваны доказ тэарэмы Кронэкера-Капэлі) і тэорыі імавернасьці, а таксама займаўся праблемамі, зьвязанымі з выбарчай матэматыкай.
Фатограф
Заняткам, які прынёс Чарлзу Доджсану ня меншую пасьмяротную славу, чым літаратура, было фатаграфаваньне. Ён пакінуў па сабе больш за 2700 фатаграфій, і амаль палова зь іх прадстаўляла дзяцей, пераважна дзяўчынак. Сярод гэтых фатаграфій было 11 індывідуальных і 9 групавых здымкаў Эліс Лідэл (1852–1934).
Гэтая схільнасьць Доджсана фатаграфаваць непаўналетніх дзяўчынак з часам выклікала розныя плёткі пры ягоным жыцьці і розныя інтэрпрэтацыі дасьледнікаў ягонай біяграфіі ўжо ў наш час. Сучасьнікі Доджсана сьцьвярджалі, што ён быў закаханы ў Эліс Лідэл і нават прапанаваў ёй шлюб (дзяўчына была малодшая за яго на 30 гадоў), але яму адмовілі. Зьявіліся таксама чуткі і спэкуляцыі аб яго магчымай пэдафіліі. Гэтыя чуткі і спэкуляцыі падмацоўваліся сучаснымі інтэрпрэтацыямі ў шэрагу яго біяграфій. Іншыя дасьледнікі сьцьвярджалі, што большасьць непаўналетніх сябровак і фотамадэляў Доджсана былі старэйшыя за 14 гадоў, шмат каму зь іх было па 16–18 гадоў і больш, а ў сваіх успамінах яны часта заніжалі свой сапраўдны ўзрост, згадваючы кантакты з Доджсанам. Ну і, дадавалі дасьледнікі, панятак непаўналетнасьці і зьвязанай зь ім сьпеласьці да сэксуальнага жыцьця былі іншыя ў эпоху Доджсана, чым у наш час. Як бы яно ні было, біяграфія Доджсана/Кэрала мае таксама сваю сэнсацыйна-скандальную абалонку.
Пісьменьнік
Апавяданьні і вершы Чарлз Доджсан пісаў з раньняга дзяцінства і публікаваў іх у розных часопісах пад сваім уласным імем. Першы твор пад псэўданімам Льюіс Кэрал, верш «Самота», ён апублікаваў у 1856 годзе, у якім упершыню ўбачыў Эліс Лідэл, тады 4-гадовую дачку дэкана каледжа Christ Church.
Традыцыя сьцьвярджае, што ідэя кніжкі пра Алісу Кэралу прыйшла ў галаву ўпершыню ў ліпені 1864 году падчас экскурсіі з Эліс Лідэл. Ён тады нібыта расказаў 10-гадовай дзяўчынцы першую вэрсію прыгодаў Алісы, якая «правалілася скрозь зямлю», і Эліс папрасіла яго запісаць яе на паперы. Што ён і зрабіў, праілюстраваўшы яе ўласнаручна і падарыўшы манускрыпт дзяўчынцы ў лістападзе 1864 году.
У наступным годзе кнігу надрукавалі (з ілюстрацыямі ня аўтара, а Джона Тэніела), і Льюіс Кэрал стаў літаратурнай знакамітасьцю. Праз шэсьць гадоў выйшла другая кніга пра Алісу, пра яе прыгоды «ў залюстроўі», прынятая чытачамі і крытыкамі зь ня меншым энтузіязмам, чым першая.
Абедзьве кнігі пераклалі на большасьць літаратурных моваў сьвету, прычым, з увагі на розныя магчымасьці інтэрпрэтацыі моўных гульняў і алюзій, на некаторыя з гэтых моваў кнігі Кэрала перакладаліся дзясяткі разоў.
Гаворачы пра Alice in Wonderland у 2014 годзе, брытанскі пісьменьнік Робэрт Маккрам назваў яе «адной з найбольш улюбёных у ангельскім літаратурным каноне» і сказаў, што яна — «мабыць, самая вялікая, магчыма, найбольш уплывовая і, безумоўна, найбольш сусьветна вядомая кніга мастацкай літаратуры віктарыянскай эпохі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каштоўнасьць раману ў тым, што ён вельмі ўнівэрсальны». Сяргей Шупа пра тое, як працаваў над перакладам «Восені патрыярха»