Міністар культуры заявіў, што больш як 300 супрацоўнікаў звольненыя за «дэструктыўную пазыцыю»

Міністар культуры Анатоль Маркевіч. Архіўнае фота

300 чалавек «папрасілі» за «дэструктыўную пазыцыю» з установаў культуры, 1611 штатную адзінку «аптымізавалі». Такія вынікі 2021 году агучыў міністар культуры Анатоль Маркевіч на «дыялёгавай пляцоўцы» у Стоўпцах.

СБ цытуе словы міністра культуры Анатоля Маркевіча ў Стоўпцах.

«Ня буду хаваць, што праводзілі і праводзім сур’ёзную працу па тых нашых супрацоўніках, работніках, якія займаюць дэструктыўную пазыцыю, — заявіў міністар. — Маё глыбокае перакананьне, што на двух крэслах знаходзіцца не атрымліваецца. Гэта недапушчальна. Трэба вызначыцца ўрэшце. З гэтых меркаваньняў больш за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі. І лічу гэта слушным. Работнікі культуры пастаянна ўзаемадзейнічаюць зь людзьмі і шмат у чым фармуюць грамадзкую думку. Таму нельга паводзіць сябе паводле падвойных стандартаў. Трэба вызначыцца».

  • У 2020–2021 гг. культурніцкая сфэра зазнала шматлікія звальненьні з палітычных прычынаў. Кіраўнікі розных установаў пазбаўляліся працы за адмову звальняць супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту альбо падпісваліся не за Лукашэнку.
  • 4 студзеня працу страціла дырэктарка музэю імя Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая кіравала музэем 15 гадоў. Дырэктарка адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў з надуманых «палітычных» прычынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні з драмтэатру сышоў фатограф. За апошнія паўтара года адтуль звольнілі амаль усю трупу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Міністэрства культуры звольнілі дзьвюх спэцыялістак, якія баранілі гістарычныя помнікі