У суправаджальным лісьце да заявы гаворыцца, што ў ёй выкладзеная «агульная пазыцыя дэмакратычных сілаў» і што яна накіраваная ў Эўразьвяз, ЗША, Вялікую Брытанію і ў АБСЭ.
Заяву падпісалі Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўніца Каардынацыйнай Рады Вольга Каралькова і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.
У заяве, сярод іншага, адзначаецца, што «ў выніку паразы на выбарах Лукашэнка і ўся выканаўчая ўлада страціла сваю легітымнасьць, права прадстаўляць інтарэсы народу і прымаць палітычныя рашэньні ад яго імя. Ва ўмовах палітычных рэпрэсій само правядзеньне рэфэрэндуму немагчымае: у краіне каля тысячы палітвязьняў, амаль трыста ліквідаваных НДА, забаронена дзейнасьць практычна ўсіх незалежных СМІ. Як вынік — адсутнічаюць магчымасьці для свабоднага абмеркаваньня прапанаваных паправак, выбарчыя камісіі фармуюцца непразрыста, а незалежнае назіраньне за працэсам галасаваньня немагчымае».
На думку аўтараў заявы, «у любым выпадку, галасаваньне як „за“ так і „супраць“ паправак будзе прымальнае для Лукашэнкі, але ня будзе адлюстроўваць волю народу. Электаральная кампанія, якая адзіна адпавядае інтарэсам беларусаў, — гэта дэмакратычныя выбары новага прэзыдэнта па міжнародных стандартах пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз з Расеяй, зьмена Канстытуцыі і непрызнаньне. Як раней праходзілі рэфэрэндумы ў Беларусі«Мы не прызнаем за Лукашэнкам права прызначаць рэфэрэндум і адзначаем, што ва ўмовах парушэньня ўсіх грамадзянска-палітычных правоў немагчыма забясьпечыць адкрытыя, дэмакратычныя працэсы абмеркаваньня новай рэдакцыі Канстытуцыі і галасаваньня, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі абвясьціць вотум народнага недаверу рэжыму Лукашэнкі: прыйсьці на ўчасткі і зрабіць бюлетэні несапраўднымі любым зручным і даступным ім спосабам. Гэта адзіная легальная і бясьпечная магчымасьць пратэсту супраць "рэфэрэндуму" ў Беларусі сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўлады рыхтуюць рэфэрэндум, які не патрэбен ані Лукашэнку, ані грамадзтвуАўтары заявы зьвяртаюцца да кіраўнікоў усіх дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікам «аказаць рашучую падтрымку беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю».
Ім, у прыватнасьці, прапануецца:
- «Выступіць з афіцыйнымі заявамі аб непрызнаньні за Лукашэнкам права на правядзеньне рэфэрэндуму. Гэта пазбавіць рэфэрэндум якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасьці, перакрэсьліць пляны рэжыму на аднаўленьне страчанай легітымнасьці»
- «Заявіць, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны „рэфэрэндум“, супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі»
- «Зноў публічна падтрымаць патрабаваньні беларускага народу аб тым, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне новых датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам».
Поўны тэкст заявы зьмешчаны на ангельскай мове на сайце Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Вобраз Беларусі як мірнай і дружалюбнай краіны разбураны канчаткова» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Літвы: размаўлялі пра транзыт і сьвяткаваньне Дня Волі