«Наперадзе яшчэ доўгі і нялёгкі шлях». Юлія Чарняўская напісала першы пост пасьля выхаду з-пад хатняга арышту

Юлія Чарняўская, архіўнае фота

Пост ад імя Юліі Чарняўскай апублікавала ў Фэйсбуку 20 студзеня яе дачка Яўгенія.

«Дарагія мае, мілыя, добрыя, гэта я пішу вам, Юлія Чарняўская. Жадаю падзякаваць за вашу дабрыню, удзел, за вестачкі, за клопат пра мяне і, галоўнае, за тое, што вы пра мяне памяталі ўсе гэтыя восем месяцаў. Часам ваша цеплыня прабіралася скрозь сьцены і па-сапраўднаму сагравала, хоць адагравацца я буду паступова, і гэта доўгі яшчэ працэс. Нанова вучуся карыстацца простымі рэчамі, займацца простымі справамі і думаць простыя думкі», — піша Юлія Чарняўская.

Яна піша, што ня можа казаць пра свой цяперашні статус, ня можа пакуль пісаць на маёй старонцы ў Фэйсбуку ці адказваць у месэнджэрах. «Магу толькі сказаць, што мне зьмянілі шэраг абмежаваньняў, і гэта ўсё», —удакладняе яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлію Чарняўскую, абвінавачаную ў «справе Tut.by», вызвалілі з-пад хатняга арышту

«Наперадзе яшчэ доўгі і нялёгкі шлях. Як жа я хачу, каб і ў іншых, і ў мяне самой усё, нарэшце, зьмянілася і вярнулася ў нармальнае рэчышча. Пакуль не замахваюся на многае, але як бы я хацела, каб для пачатку ім хаця б таксама зьмянілі гэтыя абмежаваньні! Веру ў гэта: вера гарамі рухае ў адрозьненьне ад падманлівых і хваравітых надзей, якія ня спраўджваюцца. Як гаворыцца, ведаю — праходзілі», — піша Юлія Чарняўская.

Напрыканцы яна дзякуе ўсім, хто «дапамагае справай, добрым словам, проста думкай пра яе».

«Я заўсёды сьмяялася над фразай „прамяні дабра“, але яны, падобна, і сапраўды існуюць. Люблю вас. І вельмі шкадую, што не магу падзякаваць некаторым пайменна. Ваша я», — такімі словамі заканчваецца зварот.

Удаву заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлію Чарняўскую затрымалі разам зь іншымі супрацоўнікамі парталу Tut.by 18 траўня 2021 году. Пазьней яе перавялі пад хатні арышт.

13 студзеня стала вядома, што Юлію Чарняўскую вызвалілі з-пад хатняга арышту. Пры гэтым, паводле папярэдняй інфармацыі, яна па-ранейшаму праходзіць абвінавачанай у крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна хутка, і мы сустрэнем яе разам». Як справы ў затрыманых супрацоўнікаў Tut.by

Хто такая Юлія Чарняўская?

Культуроляг, пісьменьніца, драматург, блогер. Кірункі навуковай дзейнасьці — этнічная культуралёгія, сэміётыка культуры. Чарняўская стварыла канцэпцыю этнічнага самавобраза беларуса. Напісала шэраг кніг і сотні артыкулаў па культуралёгіі. Адна зь яе апошніх манаграфій — «Белорусы. От „тутэйшых“ — к нации» (2010). Тры спэктаклі па п’есах Чарняўскай пастаўленыя ў Тэатры беларускай драматургіі (Менск).

Юлія Чарняўская нарадзілася 5 жніўня 1962 году ў Менску ў сям’і дактароў. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. 24 гады працавала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, адкуль сышла ў 2020 годзе.

Юлія — унучка знакамітага беларускага пісьменьніка Васіля Віткі. Ейны муж Юры Зісер — заснавальнік партала Tut.by. Ён памёр 17 траўня 2020 году. Дачка Яўгенія Чарняўская жыве ў Ізраілі.

18 траўня 2021 году Юлію Чарняўскую затрымалі разам з 13 супрацоўнікамі парталу Tut.by і генэральным дырэктарам Hoster.by. Да Tut.by Чарняўская ня мае дачыненьня, але валодае пакетам акцый Hoster.by. Затрымалі яе нібыта за «ўхіленьне ад сплаты падаткаў» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Ёй пагражае да 7 гадоў калёніі.

У дзень затрыманьня ў Чарняўскай здарыўся гіпэртанічны крыз, яна страціла прытомнасьць, яе завезьлі ў шпіталь. Чарняўскай цяжка хадзіць, ёй моцна баліць левая нага. У 2009 годзе ў яе быў цяжкі пералом ступні, ёй рабілі апэрацыю, паўгода яна перасоўвалася па кватэры на вазку. Да таго ж яна цярпіць на бранхіяльную астму, захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы.

Цяпер Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам. Яна ня мае права камунікаваць ні з кім, акрамя адваката, ён забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.

Юлію Чарняўскую прызналі палітычнай зьняволенай.