Украінскі вайсковы экспэрт з Цэнтру дасьледаваньня арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чым выгадная Беларусь Расеі ў гіпатэтычнай вайне з Украінай; зь якой дылемай сутыкнуцца ўкраінскія вайскоўцы, калі ракеты на іх паляціць зь Беларусі; ацэньвае стан войскаў Беларусі і Ўкраіны, а таксама расказвае, хто сёньня галоўны мілітарны саюзьнік Украіны.
«Украіна ўспрымае тэрыторыю Беларусі як вайсковую пагрозу»
«З 1999 году, калі была створаная Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі і вайсковая групоўка РБ і РФ, Украіна ўспрымае тэрыторыю Беларусі як вайсковую пагрозу. Падчас ваеннага канфлікту, паводле дакумэнтаў Саюзнай дзяржавы, Узброеныя сілы Беларусі становяцца часткаю Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. І відавочна, што імі будуць кіраваць не зь беларускага Генштабу, а зь Генштабу РФ.
Пасьля жніўня 2020 году, калі Лукашэнка быў вымушаны пайсьці на поўны аншлюс Беларусі Расеяй, Узброеныя сілы Ўкраіны ацэньваюць тэрыторыю Беларусі як інтэгральную частку сыстэмы ваеннай машыны Расеі. Любое разьмяшчэньне сілаў спэцапэрацыяў Расеі, авіяцыі, ракетных войскаў, выведкі, яны могуць выкарыстоўвацца з тэрыторыі Беларусі і я ня ўпэўнены, што кіраўніцтва Беларусі можа гэтаму перашкодзіць».
«Сухапутны кампанэнт — гэта апошняя фаза сучаснай ваеннай апэрацыі»
«Сучасная ваенная апэрацыя ня будзе праводзіцца толькі сухапутнымі войскамі. Сухапутны кампанэнт — гэта апошняя фаза сучаснай ваеннай апэрацыі. Спачатку адбываецца інфармацыйная фаза, кібэрнэтычная, якая пачалася даўно і пастаянна трывае. На яе фоне праводзіцца радыёэлектронная фаза, калі пад уплывам радыёэлектронных сродкаў заглушаецца сыстэма кіраваньня дзяржаваю і войскамі. Потым пачынаецца ракетная фаза, калі ўжо фізычна зьнішчаюцца камандныя пункты і сыстэма кіраваньня дзяржаваю і войскамі. І, што важна, сыстэма проціпаветранай абароны, каб мець новае становішча ў паветры.
Толькі пасьля гэтага пачынаецца паветраная фаза, калі авіяцыя пачынае зьнішчаць усё фізычна — войскі і важныя аб’екты. Сухапутная ж фаза апошняя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць нападу вышэйшая за 50%». Амэрыканскі дасьледчык пра расейскі ціск на Ўкраіну і Захад«З тэрыторыі Беларусі можна абстрэльваць Украіну на ўсю глыбіню — з поўначы на поўдзень»
«У сувязі з геаграфічнымі ўмовамі, сухапутны наступ з тэрыторыі Беларусі не зусім камфортны. Але правядзеньне ўсіх папярэдніх фазаў, пра якія я ўжогаварыў, з тэрыторыі Беларусі вельмі выгаднае для Расеі. Бо атрымліваецца, што Ўкраіна ад заходняй да ўсходняй мяжы можа з тэрыторыі Беларусі абстрэльвацца з ракетнай зброі і авіяцыяй на ўсю глыбіню з поўначы на поўдзень. І такім чынам Расея дасягае агібаньня тэрыторыі Ўкраіны з боку Беларусі.
На поўдні ёсьць Прыднястроўе, акупаваны Крым, Чорнае мора, акупаваны Данбас, там, дзе ўжо стаяць расейскія войскі.
З тэрыторыі Беларусі будуць найбольш эфэктыўна праводзіцца такія апэрацыі, бо там расейскім войскам знаходзіцца найбольш камфортна. У акупаваных Крыме і Данбасе або ў Чорным моры яны ня змогуць сябе адчуваць так лёгка, бо там, відавочна, будзе моцнае процідзеяньне ўкраінскіх войскаў.
Што будзе, калі з тэрыторыі Беларусі паляцяць ракеты і авіяцыя, гэта пытаньне. Для Ўкраіны гэта азначае, што трэба абараняцца і наносіць удары па тэрыторыі Беларусі. А гэта ўжо пытаньне двухбаковых адносінаў зь беларускім народам. Лукашэнка — гэта адно, а брацкі беларускі народ — гэта другое. Тут перад Узброенымі сіламі Ўкраіны паўстае вялікая праблема, як сябе паводзіць у такой сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучэньні ў Беларусі — гэта яшчэ адзін фронт Пуціна у вайне нэрваў»«У любым разе гэта будзе не 2014 год, а вялікая вайна»
«З вайсковага пункту гледжаньня Пуцін і Расея гатовыя хоць цяпер нанесьці ўдары, у іх хапае сілаў, каб распачаць шырокамаштабны наступ. Яны гатовыя да гэтага з сярэдзіны 2016 году, калі яны стварылі вайсковую інфраструктуру каля ўкраінскіх межаў. Потым яны 2,5 года будавалі тры новыя арміі. Да ўсяго гэтага Расея мае магутны вайсковы кантынгент у акупаваным Крыме.
З другога боку, я не магу знайсьці тлумачэньня пазытыўнай матывацыі Пуціна, чаго ён можа дасягнуць у выніку такой апэрацыі. У любым разе гэта будзе не 2014 год, а вялікая вайна. Гэта будуць тысячы трунаў, гэта будзе катастрофа ня толькі для Ўкраіны ці Эўропы, гэта будзе катастрофа для самой Расеі.
Наколькі я разумею, галоўная мэта Пуціна — узмацніць свой рэжым на максымальна доўгія гады, на ўсе фізычныя гады Пуціна. Але ці так станецца, я ня ўпэўнены, бо ў самой Расеі могуць адбыцца непрадбачаныя праблемы. Сацыяльна-эканамічныя праблемы могуць перайсьці ў палітычныя пратэсты. Пуцін хоча, каб Захад падпісаў дамову, якая гарантуе абсалютна не неўступленьне Ўкраіны ў NATO, а неўмяшаньне ЗША ў сытуацыю ў Расеі. Каб Захад не падтрымліваў апазыцыю, вольную прэсу і любое вальнадумства, як лічыць Пуцін. Але ўся дэманстратыўнасьць, зь якой Пуцін сьцягвае войскі да межаў Украіны, можа сьведчыць пра тое, што рэальнай вайны ня будзе, што гэта блеф».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрыхтаваныя вайскоўцы і абароннае ўзбраеньне: што Ўкраіна можа супрацьпаставіць расейскай арміі«Украінская армія гатовая да вайны»
«Украінская армія за апошнія гады зьмянілася радыкальна. Да 2014 году яе фактычна зьнішчалі. Украінскія палітыкі ўвогуле не разумелі, навошта яна патрэбна. Пры Януковічу быў скасаваны прызыў, армія была скарочаная да мінімальных паказьнікаў, фінансаваньня ня было, новых закупак таксама не было.
Цяпер сытуацыя зусім іншая, у нас бюджэт на армію — 5% ад ВУП: больш, чым у краінах NATO. Пастаянна абнаўляецца вайсковая тэхніка, узбраеньне. Маральны дух вельмі высокі. Большасьць украінскіх вайскоўцаў прайшлі рэальныя баявыя дзеяньні. Кіраўніцтва арміі — гэта баявыя генэралы, а ня тыя, хто вырас у штабах. Армія гатовая да вайны.
Адзіная тэхналягічная праблема ў тым, што ва Ўкраіне пакуль бракуе проціракетных сродкаў. Проціпаветраная абарона, супраць авіяцыі, у нас даволі эфэктыўная, а проціракетная не. Па сутнасьці, яна ёсьць толькі ў ЗША і Ізраіля, іншыя краіны моцна абмежаваныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 260 тысяч чалавек, 11,5 млрд даляраў на год. Факты пра ўкраінскую армію«Турэччына ў мілітарным пляне, магчыма, нават лепшы саюзьнік, чым ЗША»
«Сёньня наш галоўны саюзьнік — ЗША, якія дзейнічаюць па розных напрамках. Штогод яны выдзяляюць 358 мільёнаў даляраў на дапамогу.
Гэта Вялікая Брытанія, якая дала крэдыт на больш як 1,5 мільярда эўра на будаўніцтва дзьвюх марскіх базаў і рэалізуе караблебудаўнічую праграму для абсталяваньня ВМС Украіны ракетнымі катэрамі.
Гэта Турэччына, якая ў мілітарным пляне, магчыма, нават лепшы саюзьнік, чым ЗША. Турэччына вырабляе разам з намі найсучасьнейшую зброю — ударныя бесьпілётнікі. Яна будуе для Ўкраіны карвэты, якія будуць найбуйнейшымі караблямі ВМС Украіны.
Таксама Польшча, краіны Балтыі, Чэхія і Румынія. Яны не адмаўляюцца ад супрацы з намі, у адрозьненьне ад Нямеччыны, якая адмаўляецца прадаваць або перадаваць Украіне вайсковыя тэхналёгіі або ўзбраеньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Лукашэнкі прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі ўжо ня страшная, — Ягор Лебядок