11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму для Руслана Слуцкага
У судзе Полацкага раёну завяршыўся разгляд крымінальнай справы 38-гадовага жыхара Наваполацку, рамесьніка Руслана Слуцкага аб «спробе прывядзеньня ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў зносінаў» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК), піша «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Дзергачоў, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівала Тацяна Шабека.
Актам тэрарызму сьледзтва палічыла раскіданыя на дарозе ня менш як 12 самаробных «вожыкаў» і мэталічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь», які праходзіў 28 кастрычніка 2020 году. Шыны тады пракалолі чатыры аўтамабілі. Але агулам пацярпелымі ў справе прызналі больш за 70 грамадзян, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.
Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.
18 студзеня ў ходзе судовых спрэчак пракурор запрасіў для Руслана Слуцкага 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 20 студзеня судзьдзя вынесла акурат такі вырак, паведамляе БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фігурантаў, 10 крымінальных артыкулаў, да 15 гадоў турмы. Што вядома пра справу «Рэвалюцыйнага дзеяньня», якую перадалі ў суд
Затрыманьні ў Ашмянах і Полацку
У Ашмянах 19 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ягора Багдзевіча праз падазрэньне ў абразе прэзыдэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), піша «Вясна».
У Полацку, як стала вядома праваабаронцам, яшчэ 18 студзеня затрымалі па адрасе пражываньня Андрэя Бунько і даставілі ў СІЗА Маладэчна. Паведамляецца, што Бунько абвінавачваюць у нэгатыўных выказваньнях у адрас судзьдзі з Маладэчна. Па месцы жыхарства Бунько правялі ператрус, канфіскавалі мабільны тэлефон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі літаратара і журналіста Севярына КвяткоўскагаЗатрымалі яшчэ аднаго работніка «Хімвалакна»
Як стала вядома сёньня праваабаронцам «Вясны», 18 студзеня быў затрыманы работнік энэргетычнага цэху гарадзенскага «Завода Хімвалакно» Антон Акунёў. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Горадні. Гэта ўжо 11-ы работнік прадпрыемства, затрыманы за апошнія паўтара тыдня.
На мяжы затрымалі жыхара Ліды Дзьмітрыя Трафімчыка
Яго затрымалі пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы за распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі (арт.19.11 КаАП). Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся, піша тэлеграм-канал @nebovkletku.
Пад «пакаяльным» відэа, распаўсюджаным у праўладных каналах, паведамляюць, што ён удзельнічаў у пратэстах у Лідзе і яго затрымалі па крымінальнай справе. Па якой, не ўдакладняецца.