Макей: улады гатовыя пачуць думку грамадзянскай супольнасьці. 275 арганізацыяў ужо зьліквідавалі

Уладзімер Макей

У Менск зь Вільні прыбыла дэлегацыя актывістаў, якія ўваходзяць у левую прарасейскую папулісцкую арганізацыю „Сьвітанак справядлівасьці”.

Пяць прарасейскіх грамадзкіх дзеячоў зь Вільні прыехалі ў Беларусь на некалькі дзён. Яны ўжо сустрэліся зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, таксама заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных партыяў і «групай звычайных беларускіх грамадзян».

Макей падчас сустрэчы зь імі заявіў, што беларуская дзяржава зацікаўленая ў тым, каб грамадзянская супольнасьць сьмялей выказвала свае ініцыятывы, перадае БелТА:

«Нехта гаворыць, што ў нас дыктатура, але, паверце, мы зацікаўленыя ў тым, каб існавала альтэрнатыўная думка. Больш за тое, мы зацікаўленыя ў тым, каб і грамадзянская супольнасьць сьмялей выказвала нейкія свае ініцыятывы і альтэрнатыўныя пункты гледжаньня. Агульнавядома, што ў спрэчцы нараджаецца ісьціна», — сказаў Уладзімер Макей.

Ён адзначыў, што гэта асабліва важна цяпер, калі ў Беларусі адбываецца палітычная трансфармацыя, ідзе праца над зьмяненьнем Канстытуцыі.

«У нас гатовыя слухаць і чуць альтэрнатыўную думку грамадзянскай супольнасьці. Але зразумела, што гэтая думка павінна быць канструктыўнай і нацэленай на захаваньне дзяржаўнасьці Беларусі, паступальнае разьвіцьцё дзяржавы і грамадзтва», — сказаў Макей.

Пры гэтым Уладзімер Макей не згадаў, колькі няўрадавых арганізацыяў зьліквідавалі ў Беларусі за 2020–2021 гады.

У красавіку 2021 году менавіта міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцыяў прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў такой сытуацыі», — сказаў Макей.

На студзень 2022 году ў Беларусі суды закрылі больш за 275 грамадзкіх аб’яднаньняў, пад пагром уладаў трапілі таксама дзясяткі незалежных СМІ.

Пачынаючы з 9 жніўня 2020 году, у Беларусі было 35 880 арыштаў, 5 000 крымінальных справаў, амаль 1 000 палітвязьняў, 327 «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, 275 зьліквідаваных НДА, 100 забароненых СМІ, звыш 30 журналістаў за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністарка Літвы: паток мігрантаў у Беларусь спыніўся

Хто прыехаў зь Вільні на сустрэчу з Макеем

Група людзей зь Вільні, якая прыбыла ў Менск, называе сябе «дэлегацыяй грамадзян». Яны не ўпаўнаважаныя ўладамі Літвы, раней яны былі блізкія да прарасейскай левай арганіазцыі «Сацыялістычны народны фронт».

Адна з тых, хто прыехаў у Менск, Эрыка Швянчонене, заявіла Літоўскай тэлевізіі перад паездкай:

«Мы едзем, паколькі гэтая ўлада легітымная, выбраная ўлада, якую падтрымлівае бальшыня беларусаў. Яна ў гэты момант існуе, і нам патрэбна зь ёю размаўляць. Гэта візыт добрасуседзтва. Мы на яго маем поўнае права, бо наша бачаньне ня надта супадае з пэўнымі рашэньнямі ўраду наконт суседзяў».

Віленскі палітоляг Віціс Юрконіс заявіў з гэтай нагоды, што сустрэчы групы з высокапастаўленымі чыноўнікамі ў Менску сьведчаць пра ізаляцыю менскага рэжыму:

«Рэжым вымушаны сустракацца з прадстаўнікамі маргінальнага руху ці нейкай групай „заклапочаных“ грамадзян».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.