Сьцісла:
- Цяпер разьлічваць, што Захад будзе ўзмацняць палітыку санкцыяў супраць Расеі, няма ніякіх падставаў.
- З другога боку, Захад мае нейкую рысу, далей за якую ён адступаць ня можа.
- Падзеі ў Казахстане — істотны тактычны выйгрыш Масквы.
- Лукашэнка не хацеў бы ўдзельнічаць ні ў якіх авантурах на тэрыторыі Ўкраіны.
- Не выпадкова ў праекце новай Канстытуцыі зьмяшчаецца норма, што з тэрыторыі Беларусі «выключаецца агрэсія супраць іншых дзяржаваў».
- Прайшлі тыя часы, калі можна было разважаць на тэму, што Беларусь можа атрымаць за прызнаньне Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі і Крыму.
— Пасьля падзеяў у Казахстане, на фоне перамоваў Расеі і ЗША, «ультыматуму» Масквы і нэгатыўнага адказу на яго з боку NATO, як выглядае геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне? Наколькі сур’ёзна Расея ўваходзіць у клінч з NATO? Ці гэта пераважна «для ўнутранага карыстаньня»?
— Я думаю, вэрсію пра тое, што гэта «для ўнутранага карыстаньня», варта адкінуць. У Крамлі існуе разуменьне, што паўтарыць крымскі эфэкт ужо немагчыма — цаной чаго заўгодна.
Хутчэй гутарка ідзе пра тое, што ў Крамлі расьце ўяўленьне, што Захад слабы. Пасьля ўцёкаў з Афганістану, няўдачы ў Сырыі, канфрантацыі з Кітаем, якая невядома куды прывядзе, — пасьля ўсяго гэтага Захад, маўляў, ня можа дазволіць сабе новы крызіс бясьпекі на ўсходзе Эўропы. Я думаю, такое ўяўленьне аб рэальнасьці ў найбольшай ступені цяпер рухае дзеяньнямі Крамля. Уяўленьне, што Захад слабы; што ён больш гаворыць пра санкцыі, але ня робіць; Захад расколаты на ЗША і Эўропу і расколатая і сама Эўропа. І ў такой сытуацыі Захад можна калі не даціснуць, то хаця б выціснуць зь яго нейкія істотныя саступкі.
Калі гэта так, то рызыкі ўзрастаюць. Дзе знаходзіцца рыса, дасягнуўшы якой крамлёўскія палітыкі пачнуць спыняцца і задумвацца аб рэальнасьці, сказаць цяжка. Калі яшчэ вясной я адхіляў магчымасьць пачатку сур’ёзных баявых дзеяньняў на ўсходзе Украіны, іх эскаляцыі, то сёньня даводзіцца ўлічваць, што такое можа адбыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Байдэна: ЗША абвесьцяць пра новыя дыпляматычныя крокі на гэтым тыдні— Вы сказалі пра «крамлёўскае ўяўленьне пра тое, што Захад слабы». Але ці на самой справе ён слабы, на вашу думку? Ці хаця б так: слабейшы, чым раней?
— Захад, безумоўна, слабейшы, чым раней, менш рашучы і менш гатовы да крызісаў. Захад мае за плячыма некалькі палітычных крызісаў, якія ён як мінімум ня выйграў, Захад мае праблемы ўнутры з ковідам, з інфляцыяй, з чым заўгодна. Прэзыдэнту ЗША Байдэну невядома, за што брацца — за інфляцыю, перадвыбарныя абяцаньні; за тое, што дэмакраты ўвосень могуць страціць кантроль і над Сэнатам, і над Кангрэсам. Так што тут не да Ўкраіны.
Па-другое, калі ўзяць гісторыю апошніх 20 гадоў, то якія былі вехі падчас прэзыдэнцтва Пуціна? Спачатку Джордж Буш спрабаваў чытаць ягоную душу, потым Барак Абама запускаў перазагрузку і адмаўляўся даваць Украіне зброю, потым быў Дональд Трамп, уся рыторыка якога (праўда, толькі рыторыка) зводзілася да таго, што трэба неяк пасябраваць з Расеяй. А цяпер Байдэн, які так ці іначай, але не адмаўляецца ад дыялёгу з Расеяй на высокім узроўні. Таму цяпер разьлічваць, што Захад будзе ўзмацняць палітыку санкцыяў супраць Расеі, няма ніякіх падставаў.
З другога боку, Захад мае нейкую рысу, далей за якую ён адступаць ня можа. І ён ужо прыціснуты да гэтай сьцяны. Тое, што адбылося на беларуска-польскай мяжы зь мігранцкім крызісам; тое, што адбываецца апошнія тыдні, калі Захад адразу даў зразумець, што ня мае намеру абмяркоўваць пытаньне гарантыяў непашырэньня NATO, сьведчыць, што Захад падышоў да гэтай рысы. Бо калі ён пяройдзе гэтую рысу, то далей патрабаваньні ад астатніх моцных гульцоў, ад Кітая да Турэччыны, пасыплюцца як з рогу багацьця, і адказваць на ўсе зь іх будзе ўжо немагчыма.
— Улічваючы гэтую неадназначнасьць, якім можа быць цяпер адказ Захаду на апошнія крамлёўскія ўльтыматумы?
— Адказ будзе прафэсійны і дзелавы. Захад можа пагадзіцца абмяркоўваць пытаньні эўрапейскай бясьпекі, такія як неразьмяшчэньне пэўных відаў узбраеньняў на пэўнай тэрыторыі; магчыма, большая транспарэнтнасьць у вайсковай сфэры. Безумоўна, ЗША будуць абмяркоўваць з Расеяй пытаньні ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. То бок яны будуць гатовыя абмяркоўваць канкрэтныя меры даверу, але не палітычныя пытаньні, па сутнасьці — разбурэньне NATO. Бо адмова ад самой магчымасьці далейшага пашырэньня NATO азначала б разрыў дамовы аб ягоным утварэньні, дзе дакладна зафіксаваная магчымасьць прыняцьця новых сяброў.
Ці пойдзе на гэта Расея, я ня ведаю. Але я не выключаю гэтага. Бо альтэрнатыва — не атрымаць нічога і ўвязацца ў сур’ёзную ваенную эскаляцыю альбо атрымаць перамовы, якія могуць прагматычна вырашыць значную частку пытаньняў. Калі выбар выглядае так, то я не выключаю, што адказ Масквы можа быць пазытыўным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна чарговы раз заклікала Нямеччыну даць зброю— Сваёй палітыкай Пуцін дабіўся таго, што нядаўна фінскае кіраўніцтва заявіла пра магчымасьць уступіць у NATO. Вы жывяце ў Фінляндыі і лепш ведаеце, чаму адбыўся такі паварот.
— Гэта трошкі скажоная карціна і не зусім правільная інтэрпрэтацыя. Пазыцыя Фінляндыі застаецца такой, якой яна была шмат гадоў. Яна ў тым, што Фінляндыя пакідае за сабой права зьвярнуцца ў NATO з просьбай ад прыёме, калі створацца адпаведныя абставіны. Уласна, гэта і было пацьверджана ў выступах прэзыдэнта і прэм’ера.
Чаму гэта нарабіла столькі шуму? Бо калі б NATO пагадзілася б на ўльтыматум Расеі (аб непрыняцьці новых чальцоў у NATO), то гэта непасрэдна ўшчаміла б сувэрэннае права Фінляндыі прымаць уласныя рашэньні. Таму, каб загадзя закрыць нават магчымасьць такіх інтэрпрэтацыяў, фінскае кіраўніцтва выступіла фактычна супраць расейскага ўльтыматуму. Але гэта ня значыць, што яна зараз жа пабяжыць падаваць заяву ў NATO. Хаця колькасьць прыхільнікаў гэтага кроку ў краіне расьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік Паўночнаатлянтычнага блёку: NATO магло б прыняць у свае шэрагі Фінляндыю і Швэцыю за адну ноч— Падзеі ў Казахстане неяк зьмянілі стратэгічную карціну на постсавецкай прасторы?
— Гэта істотны тактычны выйгрыш Масквы. Крэмль паказаў, што можа прымяняць сілу АДКБ, хутка і легітымна. Гэта істотны ваенна-палітычны сыгнал, што ў Крамля нават у дачыненьні да такой краіны, як Казахстан, якая лічылася апорай стабільнасьці, існуюць пляны, праводзіцца адпаведная аналітычная падрыхтоўка. Гэта паказвае рэальны ўзровень ваенна-палітычнай падрыхтаванасьці расейскіх сілаў.
Але мне здаецца, што было б заўчасна прадказваць, што Казахстан скаціўся на пазыцыі сатэліту, што цяпер Масква будзе вырашаць, калі яна будзе ўводзіць войскі. Гэта ня так. Войскі як увайшлі, так і выйшлі — у той момант, калі прэзыдэнт Такаеў палічыў, што ім там больш ня месца. Я думаю, рэальнае ўяўленьне наконт таго, ці скараціліся магчымасьці Казахстану ў правядзеньні шматвэктарнай палітыкі, мы зможам пабачыць празь некалькі месяцаў.
Пакуль я не сьпяшаўся б рабіць высновы, што Казахстан як замежнапалітычны гулец на постсавецкай прасторы можа быць сьпісаны. Мне думаецца, ён яшчэ паспрабуе аднавіць сваю прастору для манэўру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што яны з Пуціным распрацавалі апэрацыю АДКБ у Казахстане цягам гадзіны— Як вы ўжо адзначылі, магчымасьць сапраўднага ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай узрастае. Якую ролю Масква адводзіць Лукашэнку ў гэтым процістаяньні? І якую ролю ён не хацеў бы, каб яму адводзілі?
— Зразумела, тут прасьцей за ўсё адказаць, якую ролю не хацеў бы мець Лукашэнка. Ён не хацеў бы ўдзельнічаць ні ў якіх авантурах на тэрыторыі Ўкраіны. Бо гэта ўзмацніла б ціск на яго — як з боку Захаду, так і з боку Масквы.
Ён бы хацеў адседзецца недзе ўбаку ў гэтым канфлікце. І не выпадкова ў праекце новай Канстытуцыі зьмяшчаецца норма, што з тэрыторыі Беларусі «выключаецца агрэсія супраць іншых дзяржаваў». Многія адзначылі, што гэта мэсыдж і сыгнал Маскве. Так што Лукашэнку выгадна было б ва ўсім гэтым ня ўдзельнічаць.
Якую ролю Масква рыхтуе Лукашэнку, цяжка сказаць. У ваенным сэнсе беларуская тэрыторыя, за выключэньнем паветранай прасторы, крытычнай ролі ня грае. Так што ня думаю, што Крамлём рыхтуецца наданьне Беларусі нейкай істотнай ваеннай ролі — гэта, акрамя ўсяго, азначала б парушэньне сувэрэнітэту Беларусі. Гэта было б залішнім.
— Тады да якой ступені Менск павінен дэманстраваць сваю палітычную ляяльнасьць у выпадку расейска-ўкраінскага канфлікту? І што такога павінен зрабіць Менск, каб Масква дала грошы?
— У выпадку гіпатэтычнай эскаляцыі на ўсходзе Ўкраіны Расеі важна хутка прымаць рашэньні, не ўскладняючы працэс. Таму праява палітычнай салідарнасьці была б Масквой ацэненая. Але прайшлі тыя часы, калі гэта ўспрымалася як нешта каштоўнае. Прайшлі тыя часы, калі можна было разважаць на тэму, што Беларусь можа атрымаць за прызнаньне Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі і Крыму. Цяпер такія заявы будуць успрымацца з такім добразычлівым кіўком, але плаціць за гэта ніхто ня будзе.
Размова ідзе пра расейска-заходнюю канфрантацыю, у якой Расея ня мае дастатковай колькасьці саюзьнікаў. Масква разьлічвае, што яе партнэрскія адносіны з Кітаем у выніку абярнуцца на яе карысьць. Але гэта адзінае, што для Масквы важна. Палітычная падтрымка Менску для Крамля тут не прынцыповая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна: расейскія войскі застануцца каля межаў Украіны