«Белтэлекам» стане мабільным апэратарам, чацьвёртым па ліку

Белтэлекам

У Беларусі дзяржаўная кампанія атрымала права аказваць паслугі мабільнага апэратара.

З 17 студзеня 2022 году прадпрыемства «Белтэлекам» атрымала права аказваць паслугі сотавай рухомай электрасувязі, у ліцэнзію прадпрыемства ўнесьлі зьмены, паведаміла Міністэрства сувязі.

Паслугі мабільнай сувязі чацьвёртага пакаленьня «Белтэлекам» будзе аказваць на базе інфраструктурнага апэратара сеткі LTE — такім у краіне зьяўляецца beCloud.

У заяве міністэрства гаворыцца:

«Выхад на рынак паслуг сотавай сувязі будзе садзейнічаць далейшаму пасьпяховаму разьвіцьцю РУП „Белтэлекам“, паскорыць вырашэньне праблемы „лічбавай няроўнасьці“ ў доступе да сучасных паслуг электрасувязі гарадзкога і сельскага насельніцтва, створыць новыя магчымасьці для аказаньня патэнцыйным абанэнтам запатрабаваных „канвэргентных паслуг“, калі ў адным пакеце паслуг сумяшчаюцца традыцыйныя паслугі стацыянарнай сувязі (тэлефон, доступ у сетку інтэрнэт, тэлебачаньне) і сотавай рухомай электрасувязі».

Да гэтага часу ў краіне працавалі тры мабільныя апэратары: A1 (унітарнае прадпрыемства «А1», раней — кампанія «Мабільная лічбавая сувязь», якая працавала пад брэндам Velcom), МТС (СТАА «Мабільныя тэлесыстэмы») і Life:) (ЗАТ «БеСТ» ). Апэратар стандарту CDMA Diallog (СП «БелСел») спыніў працу 8 гадоў таму, у студзені 2014-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратара А1 ня выпусьцілі на волю пасьля 15 дзён арышту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра кампанію А1, на якую ціснуць сілавікі і прапагандысты