Белгідрамэт паведаміў, што 17-18 студзеня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца ўзмацненьне ветру парывамі да 15-20 мэтраў у сэкунду, удзень 17 студзеня і ноччу 18 студзеня месцамі 21-24 м/с, у асобных раёнах да 25-27 м/с.
Днём 17 студзеня ў многіх раёнах Беларусі таксама чакаецца галалёдзіца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ціхім акіяне адбылося вывяржэньне падводнага вулькана15 студзеня Міністэрства надзвычайных спраў Беларусі апублікавала апэратыўную справаздачу аб наступствах моцнага ветру ў краіне напярэдадні.
Як паведамляе МНС, паводле апэратыўных дадзеных, у выніку моцнага ветру з парывамі да 32 м\с 14 студзеня:
- у Магілёве сарванымі рэклямнымі шчытамі ў выніку парываў ветру траўмавала мужчыну 1973 году нараджэньня і жанчыну 1990 году нараджэньня, іх шпіталізавалі,
- у Менску па праспэкце Ракасоўскага сарваным у выніку парыву ветру плястыкавым пакрыцьцём прыпынку транспарту траўмавала 66-гадовую пэнсіянэрку,
- пацярпелі 458 населеных пунктаў Беларусі ў 58 раёнах,
- пашкоджаныя дахі 427 жылых дамоў, 66 аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэньня, 20 вытворчых і 602 сельскагаспадарчых будынкаў,
- разбураны 1 сельскагаспадарчы будынак (склад) у Сьвіслацкім р-не Горадзенскай вобласьці,
- зафіксаваныя 170 выпадкаў падзеньня дрэў,
- элемэнтамі дахаў і паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 32 аўтамабілі,
- у Ляхавіцкім, Талачынскім, Воранаўскім і Магілёўскім раёнах дрэвы ўпалі на чыгуначныя пуці і паветраныя лініі электраперадач, затрымка руху 18 пасажырскіх і 24 грузавых цягнікоў склала ад 11 хвілін да 3 гадзін 22 хвілін,
- у Менску на акваторыі вадасховішча Дразды работнікі АСВОД уратавалі зь лёду на бераг 15 рыбакоў, якія не маглі самастойна пакінуць лёд з-за моцных парываў ветру; пацярпелых няма,
- з 16-45 да 21-00 без электразабесьпячэньня заставаліся горад Быхаў і населеныя пункты Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласьці з прычыны пашкоджаньня 3-х ліній электраперадач,
- У Оршы на станцыі Орша-Цэнтральная ў выніку абвальваньня апор эстакады цеплатрасы адбылося пашкоджаньне кантактнай лініі электрацягнікоў і трубаправода цеплазабесьпячэньня дыямэтрам 150 мм. Затрымкі ў руху цягнікоў не адбылося. Без ацяпленьня засталіся інтэрнат, прыватны жылы дом і 2 адміністрацыйныя будынкі (ацяпленьне павінны аднавіць 15 студзеня).
- На працягу сутак пэрыядычна парушалася электразабесьпячэньне 3114 населеных пунктаў (у Берасьцейскай вобласьці — 90, Віцебскай — 915, Гомельскай — 362, Горадзенскай — 373, Менскай — 882, Магілёўскай — 492). Адключэньні апэратыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі. Па стане на 6.00 раніцы 15 студзеня без электрычнасьці заставаліся 366 населеных пунктаў (Віцебская — 67, Гомельская — 44, Горадзенская — 39, Менская — 60, Магілёўская — 156).