Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна падрыхтавала 18 розных сцэнароў дзеяньняў на выпадак патэнцыйнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пра гэта заявіла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных справах Вікторыя Нуланд у апублікаваным у суботу інтэрвію ў брытанскай газэце «Financial Times».
«Я не зьбіраюся папярэдне расказваць пра 18 розных сцэнароў. Я проста скажу, што мы з саюзьнікамі гатовыя хутка зрабіць вельмі балюча, калі Расія ўчыніць які-небудзь агрэсіўны крок», — адзначыла дыпляматка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашай цярплівасьці настаў канец»: Лаўроў запатрабаваў ад Захаду хуткага адказу наконт «гарантыяў бясьпекі»Нуланд падкрэсьліла, што санкцыі супраць Расеі з боку ЗША і эўрапейскіх краін могуць адрозьнівацца між сабою. «Часам нешта даецца нам цяжэй, чым Эўропе, а часам — наадварот», — сказала яна. Разам з тым намесьніца дзяржсакратара ЗША падкрэсьліла, што Вашынгтон вядзе перамовы з эўрапейскімі саюзьнікамі наконт магчымага адказу на дзеяньні Расеі, які б улічваў інтарэсы жыхароў заходніх дзяржаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: Расея, магчыма, рыхтуе правакацыі на ўсходзе ЎкраіныКамэнтуючы перамовы вакол «гарантыяў бясьпекі» паміж дэлегацыямі ЗША і Расеі, якія прайшлі на бягучым тыдні, Нуланд заявіла, што бакам удалося пачуць заклапочанасьці адзін аднаго, аднак сур’ёзная дыскусія яшчэ не пачыналася. «На дадзены момант мы толькі пачулі асьцярогі адзін аднаго, — сказала яна. — Мы не пачыналі той тып перамоваў, які мы павінны былі б пачаць для спробы дасягнуць пагадненьняў. Асабліва, калі яны хочуць, каб гэтыя пагадненьні былі юрыдычна абавязнымі. Таму нам спатрэбіцца больш часу».