Пра гэта 14 студзеня паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на прадстаўніка амэрыканскай адміністрацыі. Паводле яго, Вашынгтон мае сьведчаньні таго, што падрыхтаваныя Расеяй людзі навучаныя дзейнічаць у гарадзкіх умовах і выкарыстоўваць выбуховыя рэчывы для ажыцьцяўленьня дывэрсіяў супраць прарасейскіх сіл на Данбасе.
Як адзначае CNN, абвінавачаньне пераклікаецца з распаўсюджанай раней у пятніцу заявай украінскага Міністэрства абароны аб тым, што расейскія спэцслужбы рыхтуюць правакацыі з мэтай падставіць украінскае кіраўніцтва. Украінская выведка, у прыватнасьці, паведамляла пра магчымую правакацыю супраць расейскіх вайскоўцаў у Малдове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашай цярплівасьці настаў канец»: Лаўроў запатрабаваў ад Захаду хуткага адказу наконт «гарантыяў бясьпекі»Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі пацьвердзіў, што ў ЗША ёсьць сьведчаньні аб падрыхтоўцы Расеяй падставы для ўварваньня ва Ўкраіну. «Не заглыбляючыся ў падрабязнасьці, скажу, што ў нас сапраўды ёсьць інфармацыя, якая паказвае на тое, што Расея ўжо актыўна працуе над стварэньнем падставы для магчымага ўварваньня ва Ўкраіну», — сказаў Кірбі. Паводле яго слоў, размова ідзе аб «групе апэратыўнікаў, якія рыхтуюцца правесьці апэрацыю пад чужым сьцягам».
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван намякнуў на адпаведныя зьвесткі выведкі падчас брыфінгу 13 студзеня. «Наша выведка вывучае інфармацыю аб тым, што Расея стварае аснову для магчымасьці сфабрыкаваць нагоду для ўварваньня», — заявіў Саліван, адзначыўшы, што такі сцэнар ужо назіраўся ў 2014 годзе. «Яны зноў рыхтуюцца да гэтага, і ў нас будуць дадатковыя падрабязнасьці ў наступныя суткі», — дадаў дарадца. Саліван пры гэтым сказаў, што амэрыканская выведка па-ранейшаму ня можа даць адназначнага адказу на пытаньне аб тым, ці пачне Расея ўварваньне.
CNN са спасылкай на сваю крыніцу ў амэрыканскай адміністрацыі адначасова перадае, што ЗША заўважаюць і фармаваньне ў расейскай аўдыторыі ўплывовымі гульцамі ў Маскве грамадзкай думкі для ўварваньня — праз расповеды пра пагаршэньне стану правоў чалавека ва Ўкраіне і пра нібыта штораз большую ваяўнічасьць Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя Расеі на вынікі перамоваў з ЗША і NATO: «Мір любой цаной нам не патрэбны»- З восені мінулага году ў СМІ пачалі зьяўляцца паведамленьні са спасылкай на зьвесткі выведкі пра канцэнтраваньне расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і іншыя краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе вайсковае ўварваньне. Крэмль гэтыя заявы адпрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і NATO гарантыяў бясьпекі — у прыватнасьці, не пашыраць NATO на ўсход і не ўключаць у альянс новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік.
- Першы раўнд міжнародных перамоваў на патрабаваньне Расеі пры ўдзеле яе прадстаўнікоў прайшоў на гэтым тыдні ў Жэнэве і Брусэлі. Бакі назвалі кансультацыі сур’ёзнымі і шчырымі, але падкрэсьлілі, што значныя рознагалосьсі паміж імі захоўваюцца.