Спадарожнікавыя вымярэньні паказваюць, што 2021 год быў адным з самых гарачых за ўсю гісторыю назіраньняў, а апошнія сем гадоў — самым гарачым пэрыядам ва ўсім сьвеце.
Служба ЭЗ па зьмяненьні клімату «Капэрнік» паведаміла, што мінулы год заняў пятае месца ў сярэднегадавой тэмпэратуры з 1850 году. У паведамленьні гаворыцца, што сярэднегадавая тэмпэратура ў сьвеце была на 1,1-1,2 градуса Цэльсія вышэйшай, чым у даіндустрыяльны пэрыяд з 1850 па 1900 год.
Служба нагадала, што самымі цёплымі былі 2020 і 2016 гады.
Служба, якая адсочвае глябальныя тэмпэратуры і іншыя кліматычныя паказчыкі, таксама паведаміла, што ўзроўні вуглякіслага газу і мэтану ў атмасфэры летась працягвалі расьці, дасягнуўшы новых максымумаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2021 годзе ў сьвеце было зафіксавана больш за 400 тэмпэратурных рэкордаў