Беларускім футбольным клюбам забаранілі замежныя зборы ў Турэччыне. Прапануюць Расею

Матч Дынама Берасьце супраць БАТЭ Барысаў, 2019 год

Міністэрства спорту Беларусі адмовілася выдаць дазвол на замежныя зборы беларускім клюбам, у прыватнасьці, «Шахцёру», БАТЭ, мінскаму «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ».

Пра гэта паведамляе football.by.

Не паўплывала на рашэньне і тое, што на зборы некаторыя клюбы зьбіраліся патраціць не бюджэтныя сродкі, заўважае tribuna.com. Напрыклад, «Тарпеда-БелАЗ» зьбіралася правесьці зборы ў Турэччыне, выкарыстоўваючы «іншыя крыніцы даходу».

Тое ж самае тычыцца і чэмпіёна мінулага сэзона — салігорскага «Шахцёра», які зарабіў у эўракубках каля паўмільёна эўра. Паведамляецца, што ў Турэччыне каманда меркавала правесьці таварыскія матчы з данецкім «Шахцёрам», кіеўскім «Дынама», маскоўскім «Спартаком» і яшчэ некалькімі статуснымі камандамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На турмы больш, чым на культуру. Як у 2022 зьменяцца дзяржаўныя выдаткі на міліцыю, спэцслужбы, спорт, мэдыцыну

Такая ж сытуацыя склалася і ў менскага «Дынама» з БАТЭ. Пры гэтым сталічны клюб атрымаў дазвол на зборы ў расейскім Сочы, аднак там не найлепшыя ўмовы надвор’я і мала супернікаў адпаведнага ўзроўню для спарынгаў.

«Ідэя наконт таго, каб клюбы не марнавалі дзяржаўныя грошы за мяжой, ператварылася ў татальную забарону нават для тых, хто здольны зарабіць на выезд за мяжу сам, нават для прызёраў двух апошніх гадоў. Але ці толькі пра грошы гэта, калі клюбы ледзь не прымушаюць замест Турэччыны ехаць у Расею за тыя ж (калі не большыя) сродкі і ў значна горшыя ўмовы?» — пытаецца football.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі лыжны саюз адхіліў дзьвюх спартовак ад міжнародных спаборніцтваў. Лыжніцы лічаць, што за іх палітычную пазыцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плыўчыха Герасіменя прадала алімпійскі мэдаль, каб кампэнсаваць юрыдычныя выдаткі ў справе супраць UEFA і АБФФ