Паводле прагнозу Сусьветнага банку скарачэньне ВУП у Беларусі сёлета складзе на 2,8%, а ў 2023 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 2,3%.
Такі прагноз зьмяшчаецца ў апублікаваным студзеньскім аглядзе сусьветнай эканомікі «Глябальныя эканамічныя пэрспэктывы».
Ацэнка росту ВУП у Беларусі ў 2021 годзе паніжаная да 1,9%. Афіцыйных зьвесткак аб росьце ВУП летась Белстат яшчэ не даваў.
Тым часам Міжнародны валютны фонд у апублікаваным 20 сьнежня 2021 году дакладзе прагназаваў, што ў 2022 годзе рост ВУП Беларусі складзе 0,5%.
Як зазначаецца ў дакумэнце, уведзеныя Захадам санкцыі абмежавалі фінансавыя магчымасьці эканомікі Беларусі. У дакладзе сказана, што «ўлады могуць працягваць пазычаць сродкі на іншых рынках, ва ўстановах і краінах», аднак найлепшым варыянтам стала б «далейшае скарачэньне бюджэтнага дэфіцыту ў 2023 годзе», што «зьменшыла б неабходнасьць выпуску новых пазыковых абавязаньняў».
Згодна з прагнозам экспэртаў МВФ, у 2021 годзе беларуская эканоміка вырасьце прыкладна на 2% (прагноз уладаў — 1,8%, факт за студзень–лістапад — 2,3%), пры гэтым інфляцыя складзе каля 10% (прагноз — 4,9%, фактычна за студзень–лістапад — 9%) з прычыны абясцэньваньня валюты і павышэньня сусьветных цэнаў на сыравінныя тавары.
У 2022 годзе рост ВУП краіны, як чакае МВФ, складзе 0,5% (прагноз уладаў — 2,9%), паколькі эканамічную актыўнасьць «стрымліваюць наступствы пандэміі COVID-19, абмежаваная прастора для стымулаў і ўплыў вонкавых санкцыяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпяховы 2021-ы: што ўратавала беларускую эканомікуСусьветны банк агулам чакае замаруджваньня тэмпаў росту сусьветнай эканомікі. Пасьля 5,5 працэнта ў 2021 годзе ў 2022-м яны складуць 4,1 працэнта. Запавольваньне тэмпаў росту чакаецца на фоне новага абвастрэньня пандэміі каранавірусу. Прагназуюць, што ў 2023 годзе тэмпы росту сусьветнай эканомікі замарудзяцца да 3, 2%.
Сярод рызык для эканомікі Сусьветны банк называе штам каранавірусу «Омікрон», далейшыя праблемы з пастаўкамі, рост інфляцыйных чаканьняў, фінансавы стрэс, кліматычныя праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ параіў Беларусі ўрэзаць бюджэтныя выдаткі ва ўмовах санкцый