Рэгіянальны дырэктар САЗ у Эўропе Ганс Клюге апублікаваў папярэджаньне 11 студзеня, цытуючы прагноз Інстытуту паказчыкаў і ацэнкі здароўя (IHME), згодна зь якім больш за 50 працэнтаў насельніцтва рэгіёну будуць інфікаваныя «Омікронам» у наступныя шэсьць-восем тыдняў.
Эўрапейскі рэгіён САЗ ахоплівае 53 краіны і тэрыторыі, у тым ліку некалькі ў Цэнтральнай Азіі. Па словах Клюге, «Омікрон» хутка становіцца дамінантным штамам у заходніх краінах і цяпер распаўсюджваецца на Балканы.
Мадэляваньне для эўрапейскага рэгіёну прадбачыць, што пік больш чым у 12 мільёнаў выпадкаў заражэньня на дзень будзе дасягнуты да сярэдзіны студзеня. Чакаецца, што пікі будуць істотна адрозьнівацца ад краіны да краіны і самыя позьнія прыпадуць на Цэнтральную Азію, паведамляе IHME.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падчас уручэньня прэмій прызнаўся, што хварэе на ковідную пнэўманіюКлюге заклікаў краіны, дзе раней не фіксавалі росту выпадкаў «Омікрону», выкарыстоўваць час для ўвядзеньня захадаў засьцярогі. Ён папярэдзіў, што для краін існуе «акно магчымасьцяў, якое зачыняецца», каб прадухіліць перагрузку сваіх сыстэм аховы здароўя.
Там, дзе распаўсюджваецца «Омікрон», прыярытэтам павінна быць абарона ўразьлівых катэгорый насельніцтва, сказаў Клюге, заклікаўшы краіны зрабіць абавязковым выкарыстаньне масак у памяшканьнях і вакцынаваць групы рызыкі, у тым ліку мэдыцынскіх работнікаў і пажылых людзей.
Клюге падкрэсьліў, што ўхваленыя вакцыны забясьпечваюць добрую абарону ад цяжкага цячэньня хворобы і сьмерці, у тым ліку для «Омікрону». Паводле яго, узровень сьмяротнасьці застаецца стабільным і зьяўляецца самым высокім у краінах з высокім захворваньнем і нізкім узроўнем вакцынацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Алег Граблеўскі пакінуў Беларусь