Такаеў даручыў спыніць працу кампаніі, якую зьвязваюць з дачкой Назарбаева

Алія Назарбаева

Малодшая дачка былога прэзыдэнта Алія Назарбаева ў лістападзе 2017 года стала старшынёй прэзыдыюму Асацыяцыі экалягічных арганізацый Казахстану.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, выступаючы ў Мажылісе (ніжняй палаце) парлямэнту 11 студзеня, даручыў спыніць працу кампаніі «Апэратар РОП». Гэтая кампанія лічыцца афіліяванай з Аліёй Назарбаевай, малодшай дачкой былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

«У прадпрымальнікаў і ў цэлым у грамадзтве мноства пытаньняў выклікае дзейнасьць кампаніі, якая называецца „Апэратар РОП“. Дайшло да таго, што быў арганізаваны нейкі грамадзкі рух супраць гэтай прыватнай кампаніі. Я даручаю ўраду прыняць меры па спыненьні адміністраваньня ўтылізацыйнага збору і распараджэньні ўтылізацыйным зборам „Апэратарам РОП“. Гэтым павінна займацца дзяржаўная арганізацыя», — заявіў Такаеў на паседжаньні парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Telegraph: малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў

Кампанія «Апэратар РОП», якой плацяць утылізацыйны збор, зьявілася ў 2015 годзе. Памер утылізацыйнага збору, які спаганяецца прыватнай кампаніяй, даходзіць ажно да дзевяці тысяч даляраў. Паводле афіцыйных зьвестак, сродкі, якія паступілі ад збору, «Апэратар РОП» накіроўвае на стварэньне інфраструктуры, неабходнай для збору, перапрацоўкі і ўтылізацыі адкідаў.

Назарбаева публічна не камэнтавала паведамленьні пра сваю датычнасьць да ўтылізацыйных збораў, якія спаганяюцца кампаніяй-манапалістам, аднак СМІ пісалі пра сьведчаньні таго, што кампанія «Апэратар РОП» зьвязаная з малодшай дачкой былога прэзыдэнта Казахстану.

Паводле зьвестак на пачатак 2020 году, за тры гады на рахункі «Апэратара РОП» паступіла 220 мільярдаў тэнге (гэта больш за 50 мільёнаў даляраў). Самы вялікі артыкул выдаткаў — «стымуляваньне аўтапраму», на што было накіравана 75 мільярдаў тэнге. Усе шэсьць гадоў многія аўтаўладальнікі пратэставалі супраць збору, і ў 2021 годзе быў ініцыяваны рух #НетУтильсбору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такаеў заявіў пра завяршэньне місіі АДКБ у Казахстане. Затрымана ўжо каля 10 тысяч чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такаеў перамог, бо прадаўся Крамлю». Экспэрт пра расейскі інтарэс у Казахстане