Натальля Хвір і Сьвятлана Краюшкіна працавалі ва ўпраўленьні аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Міністэрства культуры Беларусі. Тэлеграм-канал «Спадчына» паведаміў, што 10 студзеня ў іх быў апошні працоўны дзень.
Хвір была начальніцай упраўленьня, а Краюшкіна — намесьніцай начальніка аддзелу ўзгадненьня і рэстаўрацыі, узгадняла навукова-праектную дакумэнтацыю на выкананьне рамонтна-рэстаўрацыйных работ.
Як адзначае тэлеграм-канал, абедзьве супрацоўніцы зрабілі вялікі ўнёсак у абарону помнікаў, але цяпер, нягледзячы на і так малы штат Мінкульту, улады іх звольнілі.
«Ці будзе цяпер каму змагацца за царкву ў Новым Сьвержані, Стары замак у Горадні і іншыя, выцягваць аб’екты са сьпісаў на знос і прасоўваць іх у сьпіс ахоўны, прымушаць выканкамы да выкананьня сваіх абавязкаў і прыцягваць да адказнасьці парушальнікаў?» — рытарычна пытаецца канал «Спадчына».
У 2020-2021 гг. культурніцкая сфэра зазнала шматлікія звальненьні з палітычных прычынаў. Кіраўнікі розных установаў пазбаўляліся працы за адмову звальняць супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту альбо падпісваліся не за Лукашэнку.
4 студзеня працы пазбавілася дырэктарка музэю імя Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая кіравала музэем 15 гадоў. Дырэктарка адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў з надуманых «палітычных» прычынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка музэю Янкі Купалы страціла пасаду за тое, што адмовілася звальняць супрацоўнікаў з палітычных матываў