Вядомы іранскі паэт і рэжысэр Бакташ Абцін, які знаходзіўся ў зьняволеньні, памёр у лякарні Тэгерана з прычыны выкліканых COVID-19 ускладненьняў, паведамляе Радыё Фарда (іранская служба Радыё Свабода) са спасылкай на Асацыяцыю іранскіх пісьменьнікаў.
Сьмерць Абціна наступіла неўзабаве пасьля таго, як 48-гадовага мужчыну ўвялі ў мэдыкамэнтозную кому праз цяжкае цячэньне хваробы. У яго таксама была ішэмічная хвароба сэрца. Пасьля выяўленьня COVID-19 сям’я Абціна 14 сьнежня дабілася яго пераводу з турмы Тэгерана ў грамадзянскую бальніцу.
Выбітны пісьменьнік і абаронца свабоды слова з 2020 года адбываў у турме шасьцігадовае пакараньне за сувязі з апазыцыйнай да ўлады Ірана Асацыяцыяй іранскіх пісьменьнікаў. Заключэньне Абціна ў пэрыяд пандэміі раскрытыкавалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
«Рэпартэры бязь межаў», камэнтуючы сьмерць паэта ў Іране, абвінавацілі ўлады краіны ў неналежным доглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць выпадкаў COVID-19 у сьвеце перавысіла 303 мільёны. У Эўропе ствараюць дадатковыя аддзяленьні для хворых