Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў даў загад патушыць газавы кратэр Дарваза, вядомы пад назвай «Вароты пекла», які загарэўся 50 гадоў таму ў Каракумскай пустыні на паўночным усходзе краіны.
Газ быў падпалены савецкімі геолягамі ў 1971 годзе, паводле іх чаканьняў, ён павінен быў хутка выгарэць. Аднак гэтага не адбылося.
«Вароты пекла» — кратэр шырынёй каля 60 мэтраў і глыбінёй каля 20 мэтраў, разьмешчаны ў цэнтры пустыні Каракумы, прыкладна ў 260 кілямэтрах на поўнач ад Ашхабаду. Ён зьяўляецца туркмэнскай славутасьцю, якая прываблівае ўвагу навукоўцаў і турыстаў. Афіцыйная назва абʼекту — «Зьзяньне Каракумаў».
У 2010 годзе Бэрдымухамэдаў ужо загадваў патушыць кратэр, аднак гэтага не зрабілі. 7 студзеня на паседжаньні ўраду ён даручыў вырашыць праблему віцэ-прэмʼеру Шахыму Абдрахманаву, паведаміў сайт Turkmenportal са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачаньне краіны.