Дзьмітры Дудойць – 43-гадовы жыхар Смаргоні, засуджаны да двух гадоў «хіміі» за камэнтар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў зьнявазе ў камэнтарах у «Аднаклясьніках» начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. З 29 сьнежня 2021 года Дзьмітры адбываў тэрмін у Магілёве, СК паведамляе, што ён скончыў жыцьцё самагубствам, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэньня.
Zerkalo і «Новы час» пагаварылі зь сябрамі і сваякамі палітвязьня.
«Сябры яго вельмі любілі і шанавалі. Гэта быў чалавек зь вялікай літары. Ён на дарозе кожнага падвозіў, прычым не за грошы, абсалютна бясплатна. Дапамагаў, мог аддаць апошнія пяць рублёў», – расказвае сяброўка Дзьмітрыя Тацяна.
Дзьмітры тры гады жыў з каханай жанчынай Людмілай. «Мы зь ім былі як палавінкі цэлага. Мы за тыя тры гады, што разам, ніколі не сварыліся», – плача Людміла. Яна кажа, у якім прыгнечаным стане быў Дзьмітры пасьля апэляцыйнага суду, які пакінуў у сіле прысуд – 2 гады «хіміі» за адзін камэнтар. Родныя Дзьмітрыя як маглі спрабавалі яму дапамагчы.
– Ён быў такі ранімы, пяшчотны. Казаў, што ня вытрымае там, – расказвае Людміла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра самагубства палітвязьня: «Беларусы не павінны паміраць празь нежаданьне аднаго чалавека сысьці»На судзе Дзьмітры быў з пашкоджаным каленам, на мыліцах, бо ў верасьні парваў зьвязку. Адвакат спрабаваў зьвярнуць увагу на тое, што Дудойць ня зможа працаваць яшчэ як мінімум некалькі месяцаў, але судзьдзя пацьвердзіў вырак, і Дзьмітры паехаў у Магілёў адбываць свой тэрмін. Прыгнечаны стан мужчыны ўскладніўся ўмовамі на «хіміі».
- Ужо знаходзячыся на «хіміі» ён казаў, што яму вельмі дрэнна. Мы ўсё думалі, што адаптуецца, абвыкне, пойдзе на працу, і яму будзе прасьцей. Але не, – кажа Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі часта гінуць у дзяжурных частках». Згадваем выпадкі сьмерцяў беларусаў пасьля канфліктаў зь міліцыяйДзьмітры быў будаўніком, працаваў на сябе. У яго застаўся сын ад першага шлюбу, студэнт.
– Сын прыяжджаў да яго, праводзіў у яго практычна цэлае лета, – расказвае таварыш Дзьмітрыя Яўген. – Працавалі разам: Дзіма браў яго з сабой, даваў зарабіць крыху грошай. У працы ён стараўся зрабіць альбо добра, альбо ніяк. Калі чагосьці ня ведае – пачытае і разьбярэцца, а калі бачыў, што ня зробіць – проста не пачынаў.
Маці Дзьмітрыя адна выгадавала двух сыноў – у палітвязьня быў старэйшы брат. З маці ў мужчыны заўсёды былі выдатныя адносіны, – расказвае Тацяна, – зьвяртаўся ён да яе «мамулечка», «мамачка».
- Такіх добрых людзей, як Дзіма, можна па пальцах пералічыць. І камэнтар гэты ён напісаў, бо яго сапраўды ўзрушыла тое, што там рабілася, – дадае Яўген.
Пахаваюць Дзьмітрыя 7 студзеня ў Смаргоні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ашурак, Дзейка, Разанаў, Фурс, Шчамялёў. Каго яшчэ Беларусь страціла ў 2021 годзе