Праваабаронцы цытуюць крыніцу з ФСБ: для пагромаў у Казахстане выкарысталі былых зьняволеных

Разгромленая крама. Алматы, Казахстан.

Заснавальнік праекту супраць катаваньняў і карупцыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін апублікаваў ліст супрацоўніка ФСБ Расеі, у якім сьцьвярджаецца, што для пагромаў у Казахстане выкарысталі былых зьняволеных.

«У нас няма падставаў не давяраць гэтай крыніцы, якая на працягу апошніх 2 гадоў паведамляла нам праўдзівую інфармацыю, — піша Ўладзімір Асечкін. — З гэтага ліста вынікае, што ад самага пачатку спэцслужбы Расеі і Казахстану плянавалі рэалізаваць гібрыдны сцэнар мяккага паглынаньня Расеяй Казахстану на падставе „саюзьніцкай дапамогі“, і цяпер мы заклікаем міжнародную супольнасьць і журналістаў праверыць дакладнасьць гэтай інфармацыі, якая мае, на наш погляд, ключавое значэньне для аналізу і правільнай ацэнкі падзеяў гэтых дзён».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік Gulagu.net паведаміў пра атрыманьне новага відэаархіву катаваньняў

У сваім лісьце крыніца з ФСБ, сярод іншага, піша:

«... Як толькі пратэст выйшаў на дамінуючы ўзровень адносна сілавікоў, былі задзейнічаныя зьняволеныя з казаскіх турмаў, якіх спэцыяльна вызвалілі для зладжанай арганізацыі пагромаў і марадэрства. Менавіта ім былі даручаныя арганізацыі нападаў на сілавікоў (гэта сапраўды мела месца — у максымальна ідыёцкай для вонкавага назіральніка форме). Бескарысны для вонкавага назіральніка штурм паліцэйскага ўчастку — гэта яшчэ і зручная форма ўтылізацыі картрыджаў (гэтыя хлопчыкі ў нас праходзяць пад такім азначэньнем), бо насамрэч іх там чакалі. Таму ёсьць „праблемы“ з падлікам забітых — ільвіная доля перабітага крыміналітэту (як спэцыяльна для гэтага выпушчаных, так і прыцягнутых з волі) будзе ўтылізаваная безь фіксацыі.

Але яны сваю працу з пункту гледжаньня пастаўленай задачы выканалі дасканала: ёсьць маса задакумэнтаваных фактаў марадэрства, ёсьць пацьвярджэньне нападу на сілавыя ведамствы, ёсьць факты зьверскіх расправаў над сілавікамі, ёсьць трупы з адрэзанымі галовамі і відэа для архіву з працэсам адразаньня. Гэта дае патрэбнае абгрунтаваньне для ўводу зьнешніх сілаў, гэта дэмаралізуе звычайных пратэстоўцаў, гэта перакладае палітычны пратэст ва ўспрымальную форму пагромаў, гэта паказвае сілавікам, што супраць іх — зьвяры, гэта блякуе сацыяльную эмпатыю казахаў, якія ня вызначыліся, да працэсу пратэстаў.

Менавіта таму лютае марадэрства, крывавыя штурмы ўчасткаў і бязьлітасная страляніна па пратэстоўцах былі толькі ў сталіцы, тады як амаль усюды ў іншых гарадах усё было інакш, бо ўсе картрыджы звозіліся толькі ў кантрольны горад».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казаскія пратэсты ў лічбах: ад ахвяраў да шкоды

Аўтар ліста паведамляе ацэнку падзеяў, якую, як выглядае, зрабілі ў ФСБ:

«... У нас ацанілі гэты досьвед на 5+. Улічваючы, што да пачатку ўкраінскага крызісу засталося нічога, а ў нас праблемаў больш, чым рашэньняў, варыянт з такой актывізацыяй картрыджаў цалкам можа быць выкарыстаны недзе ў Расеі. Адно маленькае „паўстаньне злодзеяў-уцекачоў“ у лякальным горадзе, з арганізацыяй па казаскім сцэнары, калі дадаць правільныя карцінкі (уключаючы згвалтаваньне непаўналетніх) — народ сам да зонаў швабры зносіць пачне».

«У Беларусі не далі адпрацаваць падобны сцэнар, але ў Казахстане вынік аказаўся для кіраўніцтва надзвычайны», — паведамляе крыніца Gulagu.net у ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алматы ідзе зачыстка вуліц, МУС пагражае зьнішчыць тых, хто не складзе зброю

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.