Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.
Самога Пятра Парашэнкі на пасяджэньні суду не было, ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Галавань.
Адвакат Пятра Парашэнкі падкрэсьліў, што разгляд такога хадайніцтва пракуратуры ў судзе адбываўся ў парушэньне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Ўкраіны. «Згодна з заканадаўствам такія хадайніцтвы павінны разглядацца пры ўмове абавязковай прысутнасьці Пятра Парашэнкі», — патлумачыў ён.
Пятро Парашэнка з канца сьнежня 2021 году знаходзіцца за межамі Ўкраіны і плянуе вярнуцца толькі 17 студзеня. У ягонай камандзе перакананыя, што справа сфальсыфікаваная на даручэньне Офіса прэзыдэнта — Уладзіміра Зяленскага.
Летась 20 сьнежня Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны, Служба бясьпекі і Офіс генэральнага пракурора паведамілі, што расьсьледуюць «арганізацыю злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў „ДНР“ і „ЛНР“ у памеры 1,5 мільярда грыўняў» (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнку падазраюць у «дзяржаўнай здрадзе», выклікаюць на допытУ ліку «падазраваных асобаў» — пяты прэзыдэнт і цяперашні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Пятро Парашэнка.
- У верасьні-лістападзе аналягічнае падазрэньне выставілі Ўладзіміру Дзямчышыну — міністру энэргетыкі ў 2014–2016 гадах. І Парашэнку, і Дзямчышына падазраюць у тым, што яны набывалі вугаль з акупаванага Данбасу за сродкі дзяржаўнага бюджэту.
- Паводле сьледзтва, «сваімі дзеяньнямі фігуранты справы стварылі энэргетычную залежнасьць Украіны ад Расеі і тэрарыстычных арганізацыяў». Па гэтай жа справе праходзіць і лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.