Праз гукаўзмацняльнікі ў Алматы вайскоўцы запатрабавалі пакінуць плошчу Рэспублікі і папярэдзілі аб адкрыцьці агню. Неўзабаве да плошчы Рэспублікі пад'ехала бранятэхніка, і сілавікі адкрылі агонь з аўтаматаў, перадае журналіст Радыё Азатык.
«Супрацоўнікі дэпартамэнту паліцыі Алматы рушылі для зачысткі вуліц Карасай батыра — Масанчы. Прымаюцца меры для затрыманьня парушальнікаў», — гаворыцца ў паведамленьні МУС Казахстану, апублікаваным на сайце дзяржагенцтва «Казінфарм».
Тэлеканал Qazaqstan падзяліўся кадрамі з вуліц Алматы.
На ўскраіне Алматы, паводле відавочцаў, у гэтыя хвіліны чуваць страляніна і выбухі. Гарадзкая камэндатура паведаміла аб пачатку ў горадзе «антытэрарыстычнай спэцапэрацыі па забесьпячэньні парадку».
МУС папярэдзіў, што тых, хто адмовіцца скласьці зброю, чакае зьнішчэньне.
Адносна колькасьці пацярпелых у Казахстане падчас пратэстаў МУС краіны падае наступныя лічбы: загінулі 18 сілавікоў, параненых — 748 чалавек. У цэлым па краіне затрымалі 2298 чалавек. Вярхоўны камісар ААН таксама называе лічбу параненых — «каля 1000 чалавек».
- Каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта Казахстану ў Нур-Султане выставілі блёкпасты, — паведамляе Sputnik Казахстан.
- «Казахтэлекам» зноў адключае інтэрнэт.
- РИА Новости цытуе заяву палаты прадпрымальнікаў Казахстану, што жыхары краіны скардзяцца на дэфіцыт прадуктаў, гэта зьвязана зь перабоямі ў працы дыстрыбутараў.
- Паводле МЗС Беларусі, у амбасаду ў Казахстане па дапамогу зьвярнуліся ўжо каля 10 чалавек. Найбольш тыповыя падставы для звароту — праблемы з выездам з Алматы, пераафармленьне і набыцьцё авіябілетаў, кансультацыі наконт рэжыму надзвычайнага становішча, паведамляе БЕЛТА.
- Вярхоўны муфтый Казахстану Наўрызбай кажы Таганулы заклікаў казахстанцаў захаваць стабільнасьць і мір у краіне.
- У Расеі актывісты працягваюць выступаць супраць увядзеньня расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў у Казахстан. У Маскве затрымалі каля 10 чалавек, якія выйшлі на пікет у падтрымку Казахстану, піша «ОВД-Инфо» са спасылкай на аднаго з затрыманых.
Акцыі ў падтрымку пратэстоўцаў у Казахстане праходзяць і ў іншых краінах.
- Тым часам Міністэрства аховы здароўя Казахстану заявіла, што ў краіне пачаў цыркуляваць штам каранавірусу «омікрон».
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.