Кіраўнік народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе камэнтуе падзеі ў Казахстане, іх уплыў на сытуацыю ў Беларусі і цяжкасьці, якія казаскія падзеі ствараюць для Аляксандра Лукашэнкі.
Ніжэй тэзісы размовы з палітыкам. Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на YouTube.
Што аб’ядноўвае пратэсты ў Беларусі і Казахстане
- «Прычыны пратэстаў у Беларусі і Казахстане розныя. У Казахстане гэта непрадуманыя эканамічныя рашэньні, зьвязаныя з павышэньнем цэнаў. Гэта тое, што мы бачым на паверхні. У Беларусі прычынай пратэстаў стала фальсыфікацыя выбараў і масавае насільле, якое пачалося пасьля гэтага. Але ёсьць адна прычына, якая аб’ядноўвае ўсе гэтыя сытуацыі — гэта незьмяняльнасьць улады. Яе зьмяняльнасьць — гэта гарантыя ўнутранай і вонкавай бясьпекі. Пры дыктатуры ж народ не зьяўляецца суб’ектам. Ані Лукашэнка, ані Назарбаеў ня бачаць у беларусах і казахах суб’ект, які аказвае ўплыў. Не народ іх сабе наймае, а яны падпарадкоўваюць сабе народ».
- «Давайце прыгадаем, што Лукашэнка званіў Назарбаеву і сустракаўся зь ім, кансультаваўся. Назарбаеў, бадай, працягвае займаць пасаду кіраўніка Асамблеі народаў Казахстану. Фактычна гэта нешта накшталт „усебеларускага народнага сходу“, які прыдумаў для сябе Лукашэнка».
Чаму казаскія падзеі пагражаюць Лукашэнку
- «Сытуацыя, якая адбываецца ў Казахстане, фактычна стварае пагрозу для Лукашэнкі. Бо так званы транзыт улады, так званая Канстытуцыя, якая пішацца, каб захаваць ва ўладзе тых асобаў, якія даўно павінны пакінуць кіроўныя пасады, яны прыводзяць да таго, што мы бачым сёньня ў Казахстане. Там народ прадпрымае дзеяньні, каб спыніць гэты бессэнсоўны працэс транзыту. Думаю, для Лукашэнкі была бяссонная ноч. Ён перажывае, што яму рабіць з транзытам улады, што рабіць з рэфэрэндумам. Лукашэнка хворы на ўладу і пры ніякіх абставінах не адмовіцца ад гэтай улады».
- «Лукашэнка разумее, што саступкі ўладаў Казахстану падчас пратэстаў ставяць яго ў вельмі складаную сытуацыю. Гэта пагроза захаваньня яго ўлады».
Чаго ўжо дамагліся казахі сваім пратэстам
- «Адстаўка Назарбаева — гэта спроба адказаць на патрабаваньні народу. Давайце паглядзім, што робіць Такаеў. Адразу адстаўка ўраду, ён заяўляе публічна, што гатовы пайсьці на датэрміновыя выбары ў парлямэнт, ён кажа, што гатовы да палітычных рэформаў. Ён ужо ўступае ў дыялёг з народам. Лукашэнка гэтага ніколі не рабіў. Але разам з тым гэта не спыняе пратэст. Людзі глядзяць ужо і на Такаева, які народжаны гэтай сыстэмай».
Калі ў Казахстане палацавы пераварот, то ці можа такое паўтарыцца ў Беларусі
- «Калі казаць пра палацавы пераварот, то я б на сёньняшні дзень не выключаў і такі варыянт у Беларусі. Можа, ён і менш рэальны, але чыноўнікам гэта вельмі выразны сыгнал, што Лукашэнка ня вечны. Я б не выключаў, што той жа Сергеенка ці Макей, які здрадзіў беларусаў, але мае амбіцыі, могуць тэарэтычны пачаць унутраныя дыскусіі на прадмет таго, а як бы нам быць гатовымі да такога сцэнару. Як спрацаваць на апярэджаньне, каб не апынуцца ў сытуацыі сыходу Лукашэнкі і прыцягненьня іх да крымінальнай адказнасьці. Для іх выхад — бегчы з краіны або спрабаваць зрабіць палацавым пераварот. Таму ў Лукашэнкі пагрозы з усіх бакоў: знутры яго сыстэмы, беларускага народу, з боку Расеі, а з боку Захаду жорсткія патрабаваньні».
Што будзе далей
- «Сытуацыя ў Казахстане — матывуючы сыгнал для нас, вельмі выразны. Ёсьць прыклад, што можна змагацца за свае патрабаваньні і дасягаць, няхай на сёньня мы ня бачым усіх вынікаў».
- «Падобныя сытуацыі будуць адбывацца на ўсёй постсавецкай прасторы. Гэта ўжо геапалітычная сытуацыя. Гэтыя 30-гадовыя пэрыяды кіраваньня, калі ва ўладзе застаюцца адныя і тыя ж людзі, пасьля дэмакратычных пасылаў пачатку 90-х, яны паказваюць: тэрмін дзейнасьці ўсяго гэтага перастае дзейнічаць».
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.