Анатоль Глаз заявіў, што супрацоўнікі генконсульства Польшчы ў Берасьці арганізавалі спробу ўцёкаў грамадзяніна Польшчы, падазраванага ў зьдзяйсьненьні ДТЗ са сьмяротным вынікам, піша БЕЛТА.
Паводле прэс-сакратара МЗС, грамадзянін Польшчы на тэрыторыі Беларусі нібыта ўчыніў ДТЗ, у якім загінулі дзьве дзяўчыны-беларускі, у сувязі з чым стаў падазраваным па крымінальнай справе і яму часова абмежавалі права выезду зь Беларусі.
«Аднак 3 студзеня, каб пазьбегнуць адказнасьці, гэты грамадзянін паспрабаваў пакінуць нашу краіну і схавацца на тэрыторыі Польшчы, але яго затрымалі памежнікі. Мы дакладна ўстанавілі, што спробу ўцёкаў ініцыявалі і арганізавалі супрацоўнікі генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці», — заявіў Глаз.
Польшча правярае інфармацыю вакол сытуацыі з высылкай свайго дыплямата
МЗС Польшчы пацьвердзіла выклік паверанага ў справах Польшчы ў беларускае МЗС па справе, зьвязанай з высылкай польскага консула.
«На дадзеным этапе прымаюцца меры для праверкі прадстаўленай інфармацыі і высьвятленьня сытуацыі», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Польшчы Лукаша Ясіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча падпісала дамовы на пабудову сьцяны на мяжы зь БеларусьсюЯк разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх дыпляматаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».