Беларускі фонд мэдыцынскай салідарнасьці пры падтрымцы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай накіраваў ліст у Сусьветную арганізацыю аховы здароўя (САЗ) пра сытуацыю ў галіне аховы здароўя Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты».
У лісьце зазначаецца, што як мінімум 200 мэдыкаў звольнілі са жніўня 2020 году з палітычных матываў з забаронай на працу ў прафэсіі, і гэтая лічба павялічваецца з кожным днём. Фонд паведамляе, што працягвае зьбіраць зьвесткі аб звольненых мэдработніках.
У лісьце ў САЗ таксама гаворыцца, што, нягледзячы на ўдзел Беларусі ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, «рэжым сьвядома стварае ўмовы, якія абцяжарваюць доступ да мэдыцынскай дапамогі для грамадзян».
Фонд мэдыцынскай салідарнасьці заявіў, што сытуацыя ў ахове здароўя ў Беларусі «катастрафічная і не адпавядае афіцыйным паведамленьням».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехаў безь сям’і, бо ў аднаго надзея на вяртаньне мацнейшая». Звольнены ў Беларусі доктар апавядае пра жыцьцё і працу ў Кіеве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністраваньне Telegram, «рэйкавая справа», абраза судзьдзі. За што сядзяць мэдыкі, якія сустрэнуць Новы год за кратамі