У мяне ж сёньня хапае сіл падзяліцца з чытачамі толькі некалькімі прыватнымі думкамі пра постаць нашага вялікага падзьвіжніка. Поўню сіл забірае боль — звычайны чалавечы боль за тое, што гэты навуковец усё жыцьцё павінен быў прадзірацца празь сьцяну савецкага агітпропу, праз інтрыгі прарасейскіх і пракамуністычных дзеячоў Акадэміі навук і супраціў дурных мясцовых і цэнтральных чыноўнікаў; за тое, што хоць Адам Іосіфавіч і нямала пражыў, і нямала зрабіў, але ўсё ж сышоў не да канца рэалізаваны, без сваёй навуковай школы і вучняў, практычна недаацэнены.
Але хочацца верыць, што цёмныя часы мінуцца і што Беларусь усё ж ацэніць гэтага падзьвіжніка і яго даробак належным чынам, што некалі выйдзе і шматтамовы збор ягоных твораў, і вуліцы будуць названыя яго імем, і помнікі ў Астраўцы і Менску зьявяцца.
Ня ведаю, ці будзе некалі ў Беларусі свой пантэон, але калі будзе, то ганаровае месца для прафэсара Адама Мальдзіса там ужо забраніравана.
Праца з Мальдзісам
У 1991 годзе пасьля заканчэньня БДУ і двух гадоў выкладаньня гісторыі ў школе я працаваў загадчыкам сэктару цэнтральнай Беларусі ў Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту. Аднойчы на маім працоўным стале зазваніў тэлефон. На другім канцы дроту быў прафэсар Адам Мальдзіс, ён прапанаваў сустрэцца і пагаварыць.
Мы сустрэліся, і Адам Іосіфавіч запрасіў мяне на працу ў Акадэмію навук, у Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, які ён тады ствараў і дырэктарам якога ўжо быў прызначаны. Гэта было ганарова, адказна і троху страшнавата. Я, вядома, згадзіўся, і так прафэсар Мальдзіс стаў маім начальнікам на наступныя пяць гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тытан сучаснага беларускага Адраджэньня, чалавек-энцыкляпэдыя. Вядомыя беларусы пра Адама МальдзісаГэта былі шчасьлівыя гады — і мае, і краіны. Я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле тэорыі і гісторыі беларускай культуры пад кіраўніцтвам іншага волата беларускай навукі — прафэсара Ўладзімера Конана і пад агульным наглядам дырэктара Цэнтру і кіраўніка яго навуковай рады прафэсара Адама Мальдзіса.
Тады не было забароненых тэмаў і ўсё здавалася магчымым. Наш аддзел, напрыклад, у 1993 годзе заплянаваў напісаць і выдаць амбітнае 4-тамовае дасьледаваньне «Нарысы гісторыі рэлігіі ў Беларусі», праца над якім неўзабаве пачалася, але так і не была скончаная, бо сытуацыя вакол Скарынаўскага цэнтру і палітычная сытуацыя ў краіне вельмі хутка зьмяніліся.
Неяк увосень я мусіў здаць кіраўніцтву гадавы плянавы тэкст, каб адсправаздачыцца за некалькі навуковых камандзіровак у архівы. Замест гэтага я прынёс яму 150-старонкавы рукапіс дысэртацыі пра нацыянальны аспэкт нэа-уніі ў Заходняй Беларусі ў 1920–30-я гады. Назаўтра Адам Іосіфавіч з тоўстым стосам дысэртацыі ў руках усхвалёвана хадзіў па паверхах левага крыла цэнтральнага корпусу Акадэміі навук, дзе тады разьмяшчаліся Інстытут літаратуры і Скарынаўскі цэнтар, і казаў калегам: «Во, Абламейка прынёс цагліну, я цэлую ноч чытаў, будзе добрая дысэртацыя і кніга». Яшчэ праз пару дзён ён пачаў паседжаньне навуковай рады цэнтру словамі: «Дарагія калегі, дазвольце павіншаваць вас са знамянальнай падзеяй. У Беларусі зьявіўся новы гісторык. Прашу вітаць і шанаваць — Сяргей Абламейка».
Я гэта пішу не для таго, каб пахваліцца, але для таго, каб паказаць найважнейшую якасьць навукоўца і чалавека Мальдзіса — яго абсалютна шчырую, глыбінную бескарысьлівасьць і адданасьць навуцы. Галоўнай каштоўнасьцю для яго была Беларусь, беларушчына, беларуская навука і культура. І калі ў падмурку гэтага беларускага дому зьяўлялася чарговая цаглінка (кніга, тэкст, знаходка) — ён не раўнаваў, не зайздросьціў, не крытыкаваў, але шчыра-шчыра радаваўся, бо адчуваў адказнасьць за ўвесь дом. Бо быў адным з айцоў тагачаснай (і сучаснай) беларушчыны, якой жыў і дыхаў.
Тым часам прыйшоў 1994 год, адліга пачатку 90-х заканчвалася, і вельмі хутка высьветлілася, што ВАК маю дысэртацыю на такую тэму не прапусьціць. Таму Адам Іосіфавіч накіраваў мяне ў дактарантуру ў Люблінскі Каталіцкі ўнівэрсытэт, да свайго сябра прафэсара Ежы Клачоўскага, куды я пасьпяхова і паступіў. Але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя.
Тут я проста шчыра ў ногі кланяюся Адаму Іосіфавічу за ролю, якую ён адыграў у маім лёсе.
Даробак Мальдзіса
27 сьнежня 1956 году «ЛіМ» зьмясьціў агляд чытацкай пошты пад назвай «Ахоўваць помнікі культуры». Былі там і такія радкі:
«...Але больш за ўсё рэдакцыя атрымлівае пісем аб тым, што ў многіх раёнах нашай рэспублікі ўсё яшчэ дрэнна ахоўваюцца помнікі культуры беларускага народа. Тав. Мальдзіс з Радашковіцкага раёна паведамляе, што ля вёскі Краснае захавалася арыгінальная драўляная будоўля XVIІІ стагодзьдзя, якая цяпер разбураецца...»
Гэта і быў выпускнік журфаку БДУ таго ж 1956 году Адам Мальдзіс, які па разьмеркаваньні трапіў на пасаду сакратара радашковіцкай раённай газэты «Сцяг Ільіча». Ужо тады ён дбаў пра помнікі культуры, і з тых самых часоў пачынаецца яго асабістая бітва за беларускую мову, культуру і гісторыю, якая цягнулася 67 гадоў, бо першую публікацыю ён зрабіў яшчэ студэнтам у 1954 годзе.
Пасьля былі асьпірантура ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук і шмат дзесяцігодзьдзяў плённай навуковай і асьветнай працы. Два дзясяткі кніжак і сотні навуковых і навукова-папулярных публікацый у газэтах і часопісах.
Усе знаходкі і дасягненьні Адама Мальдзіса пералічыць цяжка, гэта павінны зрабіць яго біёграфы. Назаву тут усяго некалькі.
Ён знайшоў беларускі верш «Всем многі век в новой хаці», напісаны ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Яўхімам Храптовічам, і цяпер мы ведаем, што найвышэйшыя ўрадоўцы ВКЛ пісалі вершы па-беларуску перад расейскай акупацыяй гэтай дзяржавы.
Ён знайшоў зборнік старадаўняй беларускай музыкі «Полацкі сшытак», без мэлёдыяў якога цяпер цяжка ўявіць канцэрты старадаўняй беларускай музыкі і сьпеваў.
І, нарэшце, ён напісаў доктарскую дысэртацыю, якая выйшла асобнай манаграфіяй «На скрыжаваньні славянскіх традыцый», за сьціплай назвай якой хаваецца магутны інтэлектуальны чын — клясыфікацыя вялікіх стыляў для нашай літаратуры і мастацтва. Гэта дакладна — навуковы подзьвіг.
Ды, зрэшты, усё ягонае жыцьцё, навуковая праца, сотні яго адкрыцьцяў і знаходак, дзясяткі кніг — гэта навуковы і чалавечы подзьвіг.
Мальдзіс як падарунак гісторыі
Прафэсар Адам Мальдзіс стаў містычным падарункам гісторыі беларусам.
Этнагенэз беларусаў апошнюю тысячу год праходзіў праз асыміляцыю балтаў славянамі. У гістарычным і этнічным сэнсе «Русь» і «Літва» — дзьве крыніцы, зь якіх выцякае паўнаводная рака сучаснай беларушчыны, гэта дзьве асновы мадэрнай беларускай ідэнтычнасьці.
Адам Іосіфавіч Мальдзіс нарадзіўся ў 1932 годзе на этнічным беларуска-літоўскім памежжы ў Астравецкім раёне. Ён любіў расказваць, што ў яго роднай вясковай хаце гучалі адначасова дзьве мовы — ягоныя дзед з бабуляй размаўлялі па-літоўску, а бацькі перайшлі ўжо на беларускую мову, якая стала роднай і для маленькага Адама.
І вось гэты аславянены балт зь літоўскім прозьвішчам стаў адным са слупоў сучаснай беларускай культуры і навукі.
Ці ня цуд гэта і ці ня містыка гісторыі?
Містычнае пакліканьне Мальдзіса
Часам мне думаецца, што містыка прысутнічае і ў пакліканьні выбітных людзей да іх чыну.
Чым, як ня містыкай, назваць той факт, што 60 гадоў назад два сябры, Уладзімер Караткевіч і Адам Мальдзіс, паехалі ў Вільню ў архіў і там пазнаёміліся з маладым супрацоўнікам, гісторыкам Генадзем Кісялёвым, якога пасьля перацягнулі жыць і працаваць у Менск?
Яны сталі найбліжэйшымі сябрамі і, здаецца, моцна паўплывалі адзін на аднаго і на асабісты даробак кожнага зь іх. І гэта таксама, відаць, містыка нябёсаў, што ім было наканавана пазнаёміцца і сысьціся разам, разам падчас працы, у падарожжах і застольлях абмяркоўваць родную гісторыю і культуру, яе праблемы і выклікі, яе герояў і антыгерояў.
У выніку сёньня кожны з членаў гэтага трыюмвірату — Караткевіч, Кісялёў, Мальдзіс — асобны слуп беларушчыны, безь якога нельга ўявіць сабе сучасную Беларусь, яе гісторыю, яе навуку і культуру. Іх даробак і чын ляжаць у аснове беларускага палітычнага адраджэньня другой паловы 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя.
Патрэба навуковай біяграфіі Мальдзіса
Пра такіх людзей пішуць навукова-папулярныя біяграфіі. Ніхто, апрача біёграфа, не згадае, не ацэніць і не пералічыць усе знаходкі, адкрыцьці і дасягненьні такога чалавека-глыбы.
Трэба вывучыць яго архіў, яго раскіданыя ў дзясятках выданьняў публікацыі, ліставаньне. Там адкрыецца процьма неверагодных і займальных фактаў і гісторый. Жыцьцё і навуковая дзейнасьць Мальдзіса, пра якую я ведаю ня толькі зь яго публікацый, але і непасрэдна зь ягоных словаў — вартыя ўвагі бэлетрыстаў.
Толькі адзін факт. Ён усё жыцьцё шукаў беларускамоўныя вершы Адама Міцкевіча, у існаваньні якіх ніколі не сумняваўся. І вось аднойчы ў 70-я гады, калі ён быў у камандзіроўцы ў Польшчы, да яго ў гатэльны нумар пазваніў чалавек, які сказаў, што хоча перадаць яму цэлы сшытак беларускіх вершаў Адама Міцкевіча, якія польскія навукоўцы-нацыяналісты хаваюць 100 гадоў ад часу сьмерці вялікага песьняра. Былі прызначаныя час і месца сустрэчы, але той чалавек туды так і не прыйшоў. Мальдзіс лічыў, што сшытак маглі перахапіць і нават зьнішчыць польскія спэцслужбы, якія праслухоўвалі гатэльныя тэлефоны.
А такіх падзеяў у навуковым жыцьці Мальдзіса было не адна і ня дзьве.
Я думаю, што ў сёньняшняй Беларусі жывуць людзі, інтэлектуальны кшталт якіх дастатковы для таго, каб напісаць біяграфію Адама Мальдзіса і стаць рэдактарам збору ягоных твораў. Але імёны іх дзеля зразумелых прычын называць ня буду. Гэта справа лепшай будучыні.
Ганьба Акадэміі навук
У нармальнай сытуацыі ў нармальных краінах такія навукоўцы, як прафэсар Адам Мальдзіс, ствараюць свае навуковыя школы і кіруюць імі. Яны да самай сьмерці ўзначальваюць катэдры ці інстытуты і накіроўваюць сваіх асьпірантаў і маладзейшых калегаў туды, куды самі не дацягнуліся ці на што ў іх некалі не хапіла часу.
Вядома, Адам Мальдзіс павінен быў бы да скону заставацца дырэктарам Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны, а цэнтар гэты павінен быў існаваць і цяпер і быць складовай часткай Акадэміі навук Беларусі.
Але так ня сталася. Яшчэ ў часы маёй працы ў Скарынаўскім цэнтры гэтую навуковую ўстанову ворагі беларушчыны і зайздросьнікі Мальдзіса праз інтрыгі выкінулі са складу Акадэміі навук і далучылі да Міністэрства асьветы, дзе яна пасьпяхова і сканала. Мальдзіса ў 1998 годзе звольнілі з працы, а праз пару гадоў яго яшчэ і жорстка зьбілі на вуліцы маўклівыя людзі ў чорным.
Яго ніколі не абралі акадэмікам. Як не абралі акадэмікамі і іншых волатаў навукі — Генадзя Кісялёва, Уладзімера Конана, Валянціна Грыцкевіча. А тым часам па лініі аддзяленьня гуманітарных навук акадэмікамі рэгулярна абіраліся іншыя людзі, якія практычна ніякага сьледу ў беларускай гуманітарнай навуцы і культуры не пакінулі.
Таму і просіцца на заканчэньне сумная выснова: калі Адам Мальдзіс ня быў акадэмікам, значыць, у Беларусі няма Акадэміі навук.
А калі нехта лічыць, што яна ўсё ж ёсьць, то адсутнасьць у ліку яе сяброў прафэсара Мальдзіса — незмывальная ганьба такой Акадэміі.
Запавет Мальдзіса: шукайце
Прафэсар Адам Мальдзіс быў апантаным шукальнікам беларускіх скарбаў за мяжой. Можна сказаць, што сэнсам яго навуковага жыцьця быў пошук.
Ён хацеў знайсьці і вярнуць у Беларусь як мага больш фактаў і артэфактаў нашай гісторыі і нашай спадчыны. Вярнуць ня толькі ў пераносным, але і ў простым сэнсе слова. У 1987 годзе ён стварыў і ўзначаліў камісію «Вяртаньне» ў Беларускім фондзе культуры, якая, паводле задумы, павінна была весьці ўлік, шукаць і спрабаваць вярнуць у Беларусь нашы культурныя скарбы. Было наладжана выданьне зборнікаў дакумэнтаў пра вывазы і страты, а таксама пра месца знаходжаньня вывезеных і скрадзеных скарбаў.
Усё жыцьцё ён шукаў крыж Эўфрасіньні Полацкай і новыя дакумэнты пра Францішка Скарыну. Ён не складаў рукі і не паддаваўся адчаю, бо лічыў, што нязнойдзенага яшчэ значна больш, чым знойдзенага. Пра гэта ён мне неяк так і сказаў: «Нязнойдзенага пакуль больш, чым знойдзенага. У нас усё наперадзе».
Таму, бяз рызыкі памыліцца, можна назваць навуковы пошук яго асноўным запаветам для будучых пакаленьняў беларусістаў. У пацьверджаньне нястомнай дасьледчыцкай энэргіі прафэсара прывяду яго словы з нашага апошняга інтэрвію. Ужо моцна хворы ён марыў пра навуковыя падарожжы:
«Паводле маіх уяўленьняў, невядомыя дакумэнты пра Францішка Скарыну могуць яшчэ быць знойдзеныя ў архівах усіх краінаў Эўропы, дзе Скарына жыў, працаваў або вучыўся. Гэта Аўстрыя, Італія, Данія, Чэхія, Польшча і Літва... Нават у Варшаве нібыта шмат знойдзена, але каб сказаць, што там усё дасьледавана — нельга. Каб я меў сілы і магчымасьці (я цяпер моцна хварэю), то я паехаў бы найперш у Данію, Польшчу і Італію, паехаў бы ў Вэнэцыю, бо Падуя ўваходзіла ў Вэнэцыянскую рэспубліку. Ды нават паехаў бы ў Вільню. Скарына ж быў сакратаром віленскага біскупа Яна, а дакумэнты пра гэта ніхто пакуль не знайшоў».
Прыгожае жыцьцё...