Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год» ад 31 сьнежня 2021 года апублікавалі 4 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Да вечара 3 студзеня, калі пра гэта паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, адсутнічала нейкая інфармацыя аб падпісаньні дакумэнта, нягледзячы на пачатак новага году.
Рэспубліканскі бюджэт зацьвердзілі з расходамі звыш 30,6 мільярда рублёў. Яго даходы, як чакаецца, складуць больш за 27,8 мільярда рублёў. Прагназуецца дэфіцыт у больш як 2,8 мільярда рублёў.
15,5 мільярда рублёў плянуюць патраціць на агульнадзяржаўную дзейнасьць, у тым ліку амаль 2,9 мільярда — на абслугоўваньне замежнага дзяржаўнага доўгу, амаль 34 мільёны рублёў — на забесьпячэньне правядзеньня выбараў (у 2022 годзе не плянуюцца) і рэфэрэндумаў (канстытуцыйны, у лютым). Гэта на 2,86 мільёна рублёў, ці на 7,8% менш, чым было закладзена ў бюджэце 2020 году на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі новы Падатковы кодэкс. Што ў ім