Амбасада Беларусі ва Ўкраіне выказала пратэст супраць удзелу беларусаў у маршы з нагоды дня нараджэньня Бандэры

Марш у гонар Сьцяпана Бандэры, Кіеў, 1 студзеня 2022

Амбасада Беларусі ва Ўкраіне накіравала ноту ў Міністэрства замежных спраў Украіны з асуджэньнем праведзенага ў Кіеве 1 студзеня «пры маўклівым патураньні ўладаў Украіны масавага ўдзелу актывістаў зьбеглай беларускай экстрэмісцкай апазыцыі» ў маршы з нагоды дня нараджэньня Сьцяпана Бандэры.

«Амбасада выказвае рашучы пратэст у сувязі з нарастаючай радыкалізацыяй антыбеларускай пазыцыі Украіны, якая выяўляецца ў патураньні дэманстратыўнаму ўшанаваньню калябарацыяністаў і катаў беларускага народу, і патрабуе спыніць спробы гераізаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, якія не маюць тэрміну даўніны і не могуць быць дараваны беларускім народам», — гаворыцца ў заяве амбасады.

З нагоды 113 гадоў з дня нараджэньня Сьцяпана Бандэры, аднаго з ідэолягаў і тэарэтыкаў украінскага нацыяналістычнага руху XX стагодзьдзя, у Кіеве 1 студзеня адбылося шэсьце з паходнямі.

Як паведамляў карэспандэнт Свабоды, некалькі сотняў чалавек прайшлі шэсьцем па цэнтры Кіева і правялі традыцыйнае веча на плошчы Незалежнасьці.

Арганізатары заявілі, што сёлета патрабуюць прысвоіць Сцяпану Бандэру званьне Героя Ўкраіны.

Арганізатары гэтага шэсьця традыцыйна зьяўляюцца нацыяналістычныя і радыкальныя арганізацыі: «Свабода», «Правы сектар», «Нацыянальны корпус» і іншыя.

Падобныя акцыі 1 студзеня, як і ў мінулыя гады, прайшлі таксама ў некаторых іншых гарадах Украіны, у тым ліку Запарожжы і Львове. У апошнія гады ў такіх акцыях традыцыйна ўдзельнічаюць і беларусы, але раней амбасада Беларусі ва Ўкраіне не выказвала пратэстаў з гэтай нагоды.

  • Сьцяпан Бандэра нарадзіўся 1 студзеня 1909 году. Ён быў адным з аўтараў Акту аднаўленьня Ўкраінскай дзяржавы 30 чэрвеня 1941 году. 5 ліпеня 1941 году акупацыйная нямецкая адміністрацыя ўзяла яго пад хатні арышт. З восені 1941 году яго зьняволілі ў бэрлінскай турме, а з пачатку 1942 да жніўня 1944 году — у канцэнтрацыйным лягеры «Заксэнгаўзэн». 15 кастрычніка 1959 году ў Мюнхэне Бандэру забіў стрэлам з цыяністым каліем савецкі агент.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры міты пра Бандэру