Кіраўніка Чачні Кадырава і яго бацькоў абвясьцілі «заслужанымі праваабаронцамі»

Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, яго нябожчык бацька Ахмат і маці Аймані абвешчаныя ў рэспубліцы «заслужанымі праваабаронцамі». Адпаведнае распараджэньне падпісаў упаўнаважаны ў правах чалавека ў рэгіёне Нурдзі Нухажыеў, паведамляе Кавказ.Реалии.

У сваёй урачыстай прамове, на якой кіраўнік Чачні і яго маці не прысутнічалі, амбудсмэн адзначыў «велізарны ўклад» сям’і Кадыравых «у забесьпячэньне правоў чалавека і ва ўмацаваньне дзяржаўнасьці». Відэасюжэт аб гэтым апублікаваў афіцыйны тэлеканал «Грозны».

Усе трое ўганараваныя ня толькі званьнямі, але й мэдалямі. Тыдзень таму мэдалём «За абарону правоў чалавека» ўзнагародзілі старэйшую дачку Рамзана Кадырава Айшат, якая займае пасаду міністра культуры Чачні.

Незалежныя праваабаронцы ня раз крытыкавалі ўлады Чачні і асабіста Кадырава, вінавацячы іх у парушэньнях правоў чалавека. Адна з найбольш гучных гісторыяў у апошнія гады — перасьлед прадстаўнікоў ЛГБТ аж да іх выкраданьняў, катаваньняў і забойстваў. Кадырава і многіх зь яго атачэньня ЗША ўключылі ў санкцыйныя спісы адпаведна так званаму закону Магніцкага — за маштабныя парушэньні правоў чалавека. Улады Чачні гэтыя парушэньні адмаўляюць ці ня лічаць іх такімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чачні выкралі больш за 20 сваякоў юрыста «Камітэту супраць катаваньняў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьбіраюцца будаваць мячэць імя Ахмата Кадырава, бацькі цяперашняга прэзыдэнта Чачні