Плыўчыха Герасіменя прадала алімпійскі мэдаль, каб кампэнсаваць юрыдычныя выдаткі ў справе супраць UEFA і АБФФ

Аляксандра Герасіменя трымае срэбны мэдаль пасьля перамогі на дыстанцыі 100 м вольным стылем сярод жанчын на Алімпійскіх гульнях 2012 у Лёндане, 2 жніўня 2012 году

Беларуская плыўчыха, а цяпер кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя прадала на NFT-аўкцыёне срэбны мэдаль з Алімпіяды-2012 у Лёндане.

Сума лоту склала 27,5 тысячы даляраў, паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (БФСС).

Днямі Герасіменя напісала ў Instagram, што выстаўляе на аўкцыён свае алімпійскія мэдалі: бронзу з Алімпіяды-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра і два срэбныя мэдалі з Алімпіяды-2012 у Лёндане.

Яна паведаміла, што пайшла на гэта, каб кампэнсаваць юрыдычныя выдаткі і зборы, зьвязаныя з расьсьледаваньнем фактаў рэпрэсіяў і карупцыі ў Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ), а таксама з разглядам заяваў аб дыскрымінацыі і парушэньнях правоў чалавека ў футболе ў Спартовым арбітражным судзе ў Лязане (CAS). Агульны кошт усіх юрыдычных выдаткаў і збораў, паводле Герасімені, склаў больш за 80 тысяч даляраў.

«Усе сродкі ад NFT-аўкцыёну накіруюць на пакрыцьцё выдаткаў для абароны правоў чалавека ў беларускім спорце і прымушэньні UEFA выконваць палажэньні ўласнага статуту», — заявіла Аляксандра Герасіменя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плыўчыха Герасіменя выставіла на продаж алімпійскія мэдалі. Стартавая цана калекцыі 90 тысяч даляраў

13 кастрычніка Беларускі фонд спартовай салідарнасьці апублікаваў даклад аб шматлікіх парушэньнях з боку фэдэрацыі футболу. Аўтары дакладу сьцьвярджалі, што кіраўніцтва АБФФ ціснула на судзьдзяў, прыкрывала ўдзельнікаў дамоўных матчаў, залежачы ад Міністэрства спорту і асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі (умяшаньне дзяржавы ў футбольныя справы забаронена).

Але UEFA не палічыла доказы пераканаўчымі. У выніку 30 лістапада БФСС падаў у Спартовы арбітражны суд у Лязане апэляцыю на рашэньне UEFA не пачынаць дысцыплінарнага расьсьледаваньня дзеяньняў АБФФ і яе кіраўніцтва. Каб працэс пачаўся, БФСС трэба заплаціць 22 500 эўра да 7 студзеня 2022 году.

Прэзыдэнт UEFA Аляксандар Чэфэрын у інтэрвію бэльгійскаму выданьню Politico выказаў думку, што Беларуская фэдэрацыя футболу, кіраўніка якой Уладзімера Базанава ня так даўно дэпартавалі з Чэхіі, ня мае дачыненьня да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт UEFA лічыць, што Беларуская фэдэрацыя футболу не зьвязаная з рэжымам Лукашэнкі