Тэлефонная размова працягвалася 50 хвілін, яна прайшла на фоне абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны.
Камэнтар Белага дому
У заяве прэс-сакратара Белага дому Джэн Псакі аб выніках перамоваў гаворыцца, што Джо Байдэн заклікаў Уладзіміра Пуціна разрадзіць напружаную сытуацыю вакол Украіны. Байдэн даў зразумець, што ЗША з саюзьнікамі і партнэрамі «рашуча адкажуць на далейшую агрэсію супраць Украіны». Пры гэтым прэзыдэнт ЗША падтрымаў дыпляматычныя намаганьні, у прыватнасьці двухбаковы амэрыкана-расейскі стратэгічны дыялёг і перамовы ў рамках Рады NATO – Расея і АБСЭ, якія павінны прайсьці ў студзені. У заяве Белага дому падкрэсьліваецца, што дыпляматычны дыялёг можа прывесьці да посьпеху толькі ва ўмовах дээскаляцыі канфлікту.
З словаў неназваных прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, падчас размовы Байдэн сказаў Пуціну, што перад дзьвюма краінамі адкрытыя два шляхі: дыпляматыя або стрымліваньне Расеі з дапамогай санкцыяў. Якім шляхам будуць разьвівацца падзеі, залежыць ад дзеяньняў Расеі ў найбліжэйшы час. Прэзыдэнт ЗША яшчэ раз зрабіў акцэнт на тым, што яго адміністрацыя гатовая ўвесьці санкцыі, якія нанясуць Расеі сур’ёзныя эканамічныя страты, калі Крэмль пачне поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, чаго асьцерагаюцца ў Кіеве і на Захадзе.
Байдэн, паводле супрацоўніка адміністрацыі ЗША, падкрэсьліў прынцып, якога няўхільна трымаюцца ЗША ў перамовах з Расеяй, — ніводнае з пытаньняў, зьвязаных зь бясьпекай амэрыканскіх саюзьнікаў і партнэраў, ня будзе вырашацца бязь іх удзелу. Пуцін прыняў гэта да ўвагі, падкрэсьліў прадстаўнік Белага дому. У пачатку студзеня Вашынгтон мае намер працягнуць «вельмі інтэнсіўны пэрыяд кансультацыяў» з сваімі эўрапейскімі хаўрусьнікамі і партнэрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Байдэн пагутарылі праз тэлефон — з ініцыятывы РасеіКамэнтар Крамля
Размову напярэдадні перамоваў Расеі з ЗША і NATO аб пытаньнях бясьпекі ініцыявала Масква.
У паведамленьні Крамля аб тэлефоннай размове сказана, што галоўнай яго тэмай сталі перамовы з абмеркаваньнем расейскага патрабаваньня «гарантыяў бясьпекі». Пуцін зноў сказаў Байдэну, што Масква дамагаецца «цьвёрдых праўных гарантыяў, якія выключаюць прасоўваньне NATO на ўсход і разьмяшчэньне пагражальных сыстэмаў узбраеньня ў непасрэднай блізкасьці ад расейскіх межаў».
Перамовы, як гаворыцца ў паведамленьні, адбудуцца спачатку ў Жэнэве 9–10 студзеня, а потым у рамках Рады Расея – NATO ў Брусэлі 12 студзеня. 13 студзеня пачнуцца дыскусіі і ў АБСЭ. Паводле Крамля, Байдэн заявіў, што Вашынгтон ня мае намераў разгортваць на тэрыторыі Ўкраіны ўдарныя наступальныя ўзбраеньні.
Магчымыя санкцыі супраць Расеі «ў выпадку эскаляцыі сытуацыі вакол Украіны» Пуцін назваў «найсурʼёзнейшай памылкай, якая фактычна пагражае поўным разрывам расейска-амэрыканскіх адносінаў».
Памочнік Пуціна Юры Ушакоў, камэнтуючы размову, падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША, у прыватнасьці, гаварыў аб недапушчальнасьці разьвязваньня ядзернай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон адпраўляе ва Ўкраіну стралковую зброю і боепрыпасыШто папярэднічала размове
Гэта ўжо другая размова Пуціна і Байдэна ў сьнежні — пасьля перамоваў празь відэасувязь.
Увосень СМІ са спасылкай на зьвесткі выведкі паведамілі пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе вайсковае ўварваньне. Крэмль гэтыя заявы адпрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і NATO гарантыяў бясьпекі — у прыватнасьці, не пашыраць NATO на ўсход і не ўключаць у вайсковы зьвяз новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік.
ЗША і іх хаўрусьнікі не адкінулі дыялёг, заявіўшы пры гэтым, што будуць трымацца фундамэнтальных прынцыпаў — у прыватнасьці, кожная краіна мае права выбіраць сабе хаўрусьнікаў. Гэта тычыцца і магчымага прыёму Ўкраіны ў NATO.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Украіны паведаміў, што Кіеў у цяперашні момант ня бачыць пагрозы поўнамаштабнага ўварваньня з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пра вайсковую пагрозу Расеі: «Пакуль няма, а заўтра — пабачым» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: уступленьне Ўкраіны ў NATO залежыць толькі ад Кіева і NATO ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO перакідвае ў Нямеччыну брытанскую танкавую дывізію на фоне напружанасьці вакол Украіны