Ініцыятыва «Вулічная мэдыцына», якая аказвала мэдычную дапамогу бяздомным, спыняе сваю дзейнасьць.
Пра гэта каманда ініцыятывы паведаміла ў Instagram.
«Мы прынялі такое рашэньне, бо нам усё складаней у цяперашніх умовах рабіць тое, што звычайна робяць НКА і дабрачынныя ініцыятывы:⠀
- легальна весьці дзейнасьць;
- расказваць пра сваю місію і каштоўнасьці;
- дзяліцца гісторыямі валянтэраў і пацыентаў;
- залучаць сродкі і донараў;
- а таксама гарантаваць бясьпеку нашых валянтэраў.
Не разьвітваемся і спадзяёмся, што аднойчы адновім сваю працу», — заявіла каманда ініцыятывы.
Сёлета ў студзені па 15 дзён арышту атрымалі валянтэры ініцыятывы «Вулічная мэдыцына» Карына Радчанка і Тацяна Лабаза.
Ініцыятыва «Вулічная мэдыцына» дзейнічала ў Менску больш за два гады. Валянтэры-мэдыкі аглядалі бяздомных, перавязвалі ім раны, давалі лекі. Сябры ініцыятывы рабілі гэта за свае сродкі ў свой вольны час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаго каранавірусу баяцца, калі я спаў ля хворага на сухоты?» Як жывуць бяздомныя падчас пандэміі