Як нагадвае БАЖ, паколькі Вярхоўны суд зьліквідаваў заснавальніка газэты — ТБМ, выданьне, у адпаведнасьці з заканадаўствам, павінна спыніць выхад.
Рэдактар газэты зь Ліды Станіслаў Суднік, які 24 гады рэдагаваў выданьне, разьвітаўся з газэтай і з чытачамі:
«Сёньня, пасьля 24 гадоў рэдагаваньня газэты „Наша слова“, я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто быў з газэтай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў... Дзякую ўсім карэспандэнтам, наборнікам, карэктарам, бухгальтарам, экспэдытарам, валянтэрам-распаўсюднікам. Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыяту, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структураў за арганізацыю падпіскі. Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку. Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газэту фінансава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовыЗ словаў Станіслава Судніка, з 5 студзеня 2022 году пачне выходзіць электронная газэта «Наша слова.pdf». Гэта не электронная вэрсія «Нашага слова», а новая газэта.
Станіслаў Суднік просіць усіх карэспандэнтаў, якія пісалі, так і пісаць на тыя ж адрасы, на тую ж тэматыку: «Мы ня можам дапусьціць, каб пытаньні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай сьвядомасьці ўзялі і вось так проста адышлі на задні плян ці зусім у небыцьцё. Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца. Мы актывізавалі тэлеграм-канал „Наша слова“. Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас „Нашага слова“ кароткія, апэратыўныя паведамленьні для разьмяшчэньня ў тэлеграм-канале», — сказаў Станіслаў Суднік.