Былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон стаў падазраваным у справе аб крадзяжы $12 млн

Ігар Дадон

Былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон пасьля допыту ў Генэральнай пракуратуры заявіў журналістам, што стаў падазраваным у справе аб крадзяжы 12 млн даляраў пры імпарце электраэнэргіі ў 2008 годзе празь дзяржаўную кампанію Energocom.

Паводле Дадона, якога цытуе ТАСС, падчас допыту яму паказалі дакумэнты, да якіх ён нібыта меў дачыненьне, калі займаў пасаду міністра эканомікі. Дадон сказаў, што ён не вінаваты і зьбіраецца супрацоўнічаць са сьледзтвам.

«Нікуды ўцякаць не зьбіраюся. Шкада, што некаторыя СМІ ладзяць шоў пад назвай „Дадон бяжыць з краіны!“» — сказаў ён.

Паводле вэрсіі сьледзтва, у пачатку 2008 году кіраўніцтва прадпрыемства Energocom, якое пастаўляе ў Малдову электраэнэргію, у змове з чыноўнікамі ды іншымі асобамі арганізавала злачынную схему. Неабгрунтавана павялічыўшы закупачную цану на электраэнэргію, яны прысвойвалі сабе розьніцу. Пракуроры лічаць, што гэтая розьніца склала амаль 12 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі вы былі б экстрэмістам». Латушка напісаў экс-прэзыдэнту Малдовы Дадону, які сустракаўся з Лукашэнкам

Былы прэзыдэнт Ігар Дадон ёсьць лідэрам прарасейскай Партыі сацыялістаў. Крымінальную справу супраць яго завялі сёлета ў верасьні. Дадон раней заяўляў, што абвінавачаньні беспадстаўныя.