2 рублі 52 капейкі – столькі каштуе даляр 29 сьнежня паводле Нацыянальнага банку. Сёлета рубель быў адносна стабільным, эканамісты гэта зьвязваюць з «экспартным цудам»: сусьветная эканоміка пачала аднаўляцца пасьля ковіду, у выніку чаго вырас экспарт зь Беларусі.
Глядзім, што можа адбыцца з далярам налета.
Аптымістычны сцэнар
Захаваецца неардынарная сытуацыя ў сьвеце, калі пасьля ковіду працягваецца аднаўленьне ВУП хуткімі тэмпамі: вялікі попыт, маленькая прапанова – такі варыянт сцэнару апісвае эканаміст Дзьмітры Крук.
«Гэта паўтарэньне 2021 году. Для Беларусі гэта азначае падвышаны замежны попыт на беларускія тавары. Замежны гандаль пры такім сцэнары ў добрым стане. Цягам 2021 году такая сытуацыя дала магчымасьць захаваць больш-менш стабільны курс рубля адносна валютнага кошыку. Але нават у гэтым пазытыўным сцэнары ёсьць адмоўныя чыньнікі: інфляцыйны ўплыў, цэнавы чыньнік. З папраўкай на цэны беларускія тавары ўжо не нагэтулькі прывабныя. Таму нават пры пазытыўным сцэнары за кошт інфляцыі можа адбыцца падзеньне беларускага рубля на 5-10% адносна замежных валютаў. 2,65-2,7 рубля за даляр – цэнтральнае значэньне цягам году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36% беларусаў эканомяць на ежы, — вынікі апытаньня BEROCУ аптымістычным сцэнары ад старэйшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага Беларусь абыходзіць амаль усе санкцыі і траціць пару адсоткаў у экспарце.
«Пры такім сцэнары Расея дае 3 мільярды, якія прасіла Беларусь. У такім сцэнары Нацбанк назапашвае рэзэрвы, таму ня ўся валютная выручка пойдзе на ўмацаваньне рубля. Тады курс будзе 2,4-2,6 за даляр», – кажа Леў Львоўскі.
Сярэдні сцэнар
Экспарт перастане расьці, а сальда замежнага гандлю пагоршыцца. На думку Дзьмітрыя Крука, гэта можа адбыцца коштам зьмяншэньня попыту на сусьветным рынку. Такі сцэнар эканаміст называе самым праўдападобным.
«У 2022 годзе ёсьць шанцы, што ў сьвеце будзе наладжвацца лягістыка. Для Беларусі гэта азначае, што буйны замежны попыт на беларускія тавары будзе паволі зьніжацца. Ёсьць перадумовы чакаць, што беларускі імпарт будзе расьці, сальда замежнага гандлю ня будзе такім прывабным. Фактарам могуць стаць санкцыі. Пакуль не зразумела, як яны будуць дзейнічаць. Пры такім сцэнары пагоршыцца стан замежнага гандлю, будзе дадатковы ціск на курс рубля. Рубель можа абясцэніцца на 15-20% за год: бліжэй да трох рублёў за даляр», – разважае Дзьмітры Крук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ параіў Беларусі ўрэзаць бюджэтныя выдаткі ва ўмовах санкцыйСярэдні сцэнар Льва Львоўскага прадугледжвае крэдыт ад Расеі ў 2 мільярды даляраў, каб рэфінансаваць доўг; імпарт пачынае раўняцца з экспартам.
«Заканчваецца экспартны цуд, а беларускі ўрад разам з Расеяй знаходзіць шляхі абыходу санкцыяў. Пры такім сцэнары ўсё адно траціцца частка ад экспарту. ВУП знаходзіцца ў дыяпазоне ад -0,5% да +0,5%, тады курс даляра будзе 2,6-2,8», – прагназуе Леў Львоўскі.
Пэсымістычны сцэнар
Праявіцца моцны ўплыў санкцыяў, якія заблякуюць экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў на пэўны час.
«Гэта будзе ўдар па эканоміцы, які праявіцца на валютным рынку. Гэта можа таксама справакаваць дадатковыя хваляваньні на ўнутраным рынку, будуць забіраць дэпазыты ўкладнікі – і фізычныя асобы, і юрыдычныя. У такім сцэнары магчымы ўваход у інфляцыйна-дэвальвацыйную сьпіраль. На гэта можа накласьціся і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў сьвеце. Сытуацыя будзе залежаць і ад паводзінаў Нацыянальнага банку, прадказаць яе немагчыма. Пры зьбегу ўсіх адмоўных чыньнікаў можа істотна пагоршыцца сытуацыя з курсам рубля: падзеньне рубля значна больш за 20% адносна замежных валютаў», – кажа Дзьмітры Крук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагаршэньне сытуацыі прывядзе да эканамічнай міграцыі беларусаў», — высновы экспэртаў пра ўзьдзеяньне санкцыйУ нэгатыўным сцэнары Леў Львоўскі таксама называе жорсткі ўплыў санкцыяў, якія паўплываюць на падзеньне экспарту на дзясяткі адсоткаў.
«Пры такім сцэнары ЭЗ і ЗША кантралююць выкананьне санкцыяў, да санкцый далучаецца Ўкраіна, а Расея не дае крэдыт ці дае толькі 0,5 мільярда ці 1 мільярд. Тады ЗВР ідуць на пагашэньне дзяржаўнага доўгу. І можна чакаць сур’ёзнага – на 20-25% – паслабленьня рубля , калі гэта не прывядзе да іншых крызісаў».