Згодна з урадавай пастановай, апублікаванай на Нацянальным прававым інтэрнэт-партале, ад 1 студзеня экспартнае мыта на нафту панізіцца адразу на 30 даляраў і складзе 46,7 даляра за 1 тону.
На прамагонны бэнзін стаўка зьменшыцца да 25,6 даляра за 1 тону з ранейшых 42,6; на таварныя бэнзіны, дызэльнае паліва, дыстыляты, бэнзол, талюол і іншае — да 14 даляраў за 1 тону з колішніх 23,2.
Рэзкае зьніжэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты экспэрты зьвязваюць з чарговым этапам рэалізацыі ў Расеі так званага падатковага манэўру ў нафтавай сфэры. Паводле беларускіх уладаў, выдаткі Менску ад яго рэалізацыі ў выглядзе падаражэньня паставак нафты і паэтапнай адмовы ад экспартнага мыта складуць каля 10 млрд даляраў цягам 2019–2024 гадоў.
Беларусь ад 2010 году ўніфікуе стаўкі экспартнага мыта зь дзейнымі ў Расеі. У адпаведнасьці з дамоўленасьцямі ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, з 2015 годгу ўсе экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты застаюцца ў беларускім бюджэце. Як відаць, іх доля з кожным годам усё меншая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у канцы 2021 году пачне атрымліваць ад Расеі кампэнсацыю за падатковы манэўр, — амбасадар у РФ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, пайшлі на ўсе ўмовы Расеі»: Як улады Беларусі дамовіліся пра цану на нафту і газШто важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі