Frontex крытыкуе Літву за разварот мігрантаў. Літоўскі палітык: «На такую рэакцыю разьлічваў Лукашэнка»

Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» і старшыня парлямэнцкага Камітэту ў нацыянальнай бясьпецы і абароне ў Сэйме Літвы

У Літве чарговая дыскусія пра мэтады працы зь мігрантамі.

Старшыня парлямэнцкага камітэту Літвы ў бясьпецы мяркуе, што апошнія рэкамэндацыі ЭЗ могуць зноў даць Лукашэнку падставы напоўніць памежны рэгіён мігрантамі.

Спэцыялісты агенцтва Эўрапейскага зьвязу ў бясьпецы вонкавых межаў (Frontex), якія назіралі за сытуацыяй у Літве, маюць намер рэкамэндаваць афіцыйнай Вільні карэнным чынам зьмяніць сваю палітыку развароту мігрантаў, а дакладней адмовіцца ад яе. У адпаведнасьці з падрыхтаваным праектам, Літве прапануюць не пасылаць мігрантаў назад у Беларусь, а везьці іх на КПП, дзе яны змогуць легальна перайсьці мяжу і прасіць прыстанішча, піша Delfi.lt.

Прадстаўнікі юрыдычнага аддзелу Frontex заявілі, што маюць доказы таго, што літоўскія памежнікі прымяняюць практыку калектыўнага выцясьненьня мігрантаў, што супярэчыць міжнародным законам і Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека. Яшчэ адна заўвага юрыстаў — неэфэктыўнасьць працэдуры прыняцьця заявак аб прытулку. Са жніўня, калі пачалі прымяняць палітыку развароту мігрантаў, Літва сьцьвярджае, што мігранты могуць легальна прасіць прытулак — дастаткова прыйсьці на КПП. Але зь лета атрымана толькі 11 заявак такім спосабам.

Паводле рэкамэндацый Frontex, літоўскія памежнікі павінны навучыць распазнаваць асоб, якія маюць патрэбу ў дапамозе, і забясьпечваць яе ім. Асаблівую ўвагу павінны даваць інтарэсам дзяцей, іх разам з бацькамі мусяць упускаць у краіну. Літоўскія палітыкі часта кажуць, што мігранты прыкрываюцца наяўнасьцю дзяцей і выкарыстоўваюць іх як шчыт, аднак у Frontex акцэнтуюць увагу на тым, што гэта ня мае значэньня — дзеці ў любым выпадку ўразьлівыя, ім павінны гарантаваць абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МУС Нямеччыны назвала дзеяньні Менску адносна мігрантаў «скандальнымі і бесчалавечнымі»

У Літве асьцерагаюцца, што выкананьне рэкамэндацый адновіць мігранцкі крызіс

Старшыня парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас адзначыў, што сытуацыя зь мігрантамі ў Літве стабілізавалася менавіта дзякуючы палітыцы развароту.

«Думаю, Frontex мог б умацаваць свае функцыі, спрыяючы палітыцы развароту, і ўмацаваць мандат ня толькі ў Літве, але і ва ўсёй Эўропе. Гэта магло б стаць імпульсам да перагляду дзейнасьці Frontex», — заўважыў Кашчунас.

Ён лічыць, што такія рэкамэндацыі Frontex — вяртаньне да «палітыкі адчыненых дзьвярэй».

«Лукашэнка, ствараючы гуманітарны крызіс, улічваў, што зьявяцца грамадзкія дзеячы, сябры няўрадавых арганізацый, валянтэры, палітыкі, якія будуць думаць, што разварот незаконны, што ў краін няма межаў. Я апанэнт такой пазыцыі. Я лічу, што гэта трагедыя для краіны, грамадзкага парадку. Палітыка развароту па-свойму служыць правам чалавека.

Мы шмат чаго спынілі, у тым ліку — выгаду за кошт перавозкі людзей, ёсьць шмат выпадкаў, калі людзі не ляцяць, каб не рызыкаваць здароўем сваіх блізкіх. Спыняючы нелегальную міграцыю, мы спыняем парушэньне правоў чалавека, ахвяры, трагічныя лёсы. Палітыка адчыненых дзьвярэй — запрашэньне нелегальна міграваць, везьці дзяцей, зімой ісьці па лясах. У гэтым сэнсе, падтрымліваючы палітыку развароту, я абараняю правы чалавека», — сказаў прадстаўнік Сэйму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржаўны гандаль людзьмі», «Мы сталі ідыётамі Пуціна і Лукашэнкі». У якіх выразах заходнія палітыкі камэнтуюць мігранцкі крызіс

На пытаньне аб выцясьненьні сем’яў зь дзецьмі ў маразы назад у Беларусь ён адказаў, што праз гуманітарны калідор Літва прыняла 260 чалавек. На яго думку, гэта паказвае, што мэханізм аказаньня дапамогі ўразьлівым групам дзейнічае.

Frontex пачаў сваю місію ў Літве 1 ліпеня. Цяпер місія працягнута да 26 студзеня 2022 году. 54 супрацоўнікі агенцтва дапамагаюць памежнікам забясьпечваць ахову мяжы, выяўляць нелегальных перавозчыкаў, а таксама вяртаць мігрантаў на радзіму.

Мігранцкі крызіс каля межаў Літвы, Польшчы і Латвіі стаў істотна згасаць пасьля адмовы названых краін Эўразьвязу прымаць тысячы мігрантаў на сваю тэрыторыю. Большасьць мігрантаў вярнулася ў Азію эвакуацыйнымі рэйсамі, у Беларусі засталіся некалькі сотняў чалавек, якіх таксама плянуюць эвакуаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транзытам праз Польшчу зь Беларусі ў 2021 годзе ў Нямеччыну трапілі больш за 11 тысяч мігрантаў

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.