Белстат не апублікаваў у зборніку «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь у студзені–лістападзе 2021 году» колькасьць пэнсіянэраў. У папярэдніх зборніках ведамства разьмяшчала такую інфармацыю са спасылкай на Міністэрства працы, піша Zerkalo.io.
На пачатак лістапада ў Беларусі налічвалася, паводле афіцыйнай статыстыкі, 2 млн 422,2 тыс. пэнсіянэраў. Характэрна, што гэтая лічба была такой самай і на пачатак кастрычніка. За верасень і жнівень пэнсіянэраў стала на 32, 3 тысячы менш. Напрыклад, Менск за студзень–жнівень сёлета страціў каля 8,5 тысячы пэнсіянэраў.
На сайце Белстату да гэтага часу паведамляецца, што «цяпер у органах працы, занятасьці і сацыяльнай абароны розныя віды пэнсій атрымліваюць каля 2,5 млн чалавек».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уводзяць «базавыя рахункі» для пэнсій і заробкаў. Што гэта значыцьУтойваецца інфармацыя пра пэнсіі
Таксама Міністэрства працы перастала публікаваць поўныя дадзеныя пра сярэдні памер пэнсій. Да 2020 году такія дадзеныя агучвалі рэгулярна, аднак цяпер, мяркуецца, інфармацыю публікуюць толькі пра тыя месяцы, калі чыноўнікам удаецца наблізіцца да абяцанага павелічэньня выплат на 40%, у іншыя ж месяцы, пачынаючы з 2020 году, інфармацыі не публікуюць.
Раней стала вядома, што разам з ростам цэнаў падаюць рэальныя пэнсіі беларусаў, у лістападзе адносна кастрычніка яны ўпалі на 0,6%. Такім чынам, узровень жыцьця пэнсіянэраў за 2021 істотна зьнізіўся.
Акрамя таго, пэнсіянэры знаходзяцца сярод найбольш уразьлівых групаў у пандэмію каранавірусу. Аднак праверыць, як скарацілася іх колькасьць ад сьмяротных выпадкаў, пакуль нельга — улады не называюць поўнай статыстыкі ахвяр пандэміі, штучна зьмяншаючы лічбы, а статыстыку сьмяротнасьці за 2020 год па краіне наогул засакрэцілі.
Летась пэнсіянэры былі адной з сацыяльных групаў, якія ладзілі масавыя маршы супраць дыктатуры і заклікалі да зьмены кіраўніцтва дзяржавы, новыя выбары і дэмакратычны шлях кіраваньня Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіяў за асаблівыя заслугі будуць пазбаўляць за «шкоду нацыянальнай бясьпецы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 390 тысяч беларусаў жывуць па-за рысай беднасьці. «Па пяцьсот» і больш маюць каля 8% жыхароў краіны