Пракуратура раёну Беласток-Поўнач выдала ордэр на арышт салдата 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі Эміля Чэчкі, які дэзэртаваў з войска і ўцёк у Беларусь. Ордэр дзейнічае на тэрыторыі Польшчы, паведамляе тэлеканал TVN.
21 сьнежня пракуратура Беластоку завочна выставіла жаўнеру абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Дэзэртырства», прадугледжвае да 10 гадоў зьняволеньня). Акрамя таго, Акруговая пракуратура Варшавы правярае дзеяньні Чэчкі на зьдзяйсьненьне «злачынства супраць Рэспублікі Польшча» паводле часткі 1 артыкулу 127, што можа пагражаць пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі.
Як сказаў прадстаўнік пракуратуры Беласток-Поўнач палкоўнік Радаслаў Вішанка, ордэр азначае тое, што падазраванага цяпер можа затрымаць на тэрыторыі Польшчы любая сілавая структура і перадаць пад сьледчы арышт, аднак этап расьсьледаваньня яшчэ папярэдні, таму пакуль не вядзецца размова пра экстрадыцыю Чэчкі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля Чэчку25-гадовы Чэчка перайшоў мяжу і, паводле ўладаў Беларусі, папрасіў палітычнага прытулку. Польскі вайсковец сьцьвярджаў, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў. У інтэрвію беларускім прапагандыстам ён расказаў, што польскія сілавікі «забіваюць» на мяжы валянтэраў і саміх мігрантаў. Чэчка заявіў, што асабіста браў удзел у экзэкуцыях.
Польскія ўлады не камэнтуюць гэтых заяваў. Мясцовыя СМІ, у тым ліку апазыцыйныя да ўладаў Польшчы, называюць выказваньні Чэчкі выдумкай, а ў ААН заявілі, што праверка з выездам у Польшчу не знайшла ніякіх доказаў словам дэзэртыра.
На радзіме Чэчка меў праблемы з законам, злоўжываў алькаголем і наркотыкамі, біў сваю маці. Польскія спэцслужбы правяраюць ягоную сястру, хлопец якой беларус. Разглядаецца вэрсія, што Эміль за нейкі час да пераходу мяжы мог быць завэрбаваны беларускімі спэцслужбамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН не знайшла пацьверджаньня словаў польскага дэзэртыра пра масавыя пахаваньні на мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знаёмая польскага жаўнера, які ўцёк у Беларусь: ён пабіў маці, выклікалі паліцыю