Беларусы зьбіраюць подпісы супраць забароны свабодна выяжджаць з краіны

Пераход у Брузгах на мяжы з Польшчай закрыты ў сувязі з мігранцкім крызісам

Нядаўна ўрад Беларусі аслабіў каранавірусныя абмежаваньні ўнутры краіны. Аднак забарону выяжджаць зь Беларусі наземным шляхам, якая дзейнічае ўжо больш за год, так і не зьнялі.

Да сёньня грамадзянам краіны патрэбныя важныя прычыны для замежных паездак. Беларусы ўклалі пэтыцыю да Міністэрства здароўя, у якой патрабуюць скасаваць гэтую забарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады патлумачылі, чаму не скасоўваюць абмежаваньні на выезд зь Беларусі, нягледзячы на тое, што каранавірус нібыта адступае

Раней журналіст Zerkalo.io зьвярнуўся ў Міністэрства здароўя з просьбай растлумачыць, ці плянуецца зьняць бар’еры для тых, хто хоча выехаць зь Беларусі праз наземную мяжу.

У ведамстве адказалі, што забарона выяжджаць з краіны наземным шляхам дзейнічае ў сувязі з пастановай Савету Міністраў № 624 «Аб мерах для перадухіленьня распаўсюду інфэкцыйнага захворваньня», і разглядаць зьняцьцё або зьмякчэньне абмежаваньняў зараз не плянуюць.

«Аднак у сувязі са зьменлівай эпідэмічнай сытуацыяй з COVID-19 як у Беларусі, так і ў сумежных краінах магчымае ўнясеньне зьменаў у заканадаўства Беларусі, у тым ліку ў пастанову № 624», — гаворыцца ў адказе Міністэрства здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сярод сусьветных лідэраў у слабасьці захадаў супраць COVID-19

Каранавірусная лібэралізацыя

Улады ў сьнежні агучылі шэраг захадаў, якія зьмякчаюць ці наагул касуюць каранавірусныя абмежаваньні. Пры гэтым іншыя краіны вяртаюцца да жорсткага локдаўну з улікам імклівага распаўсюду штаму «Омікрон».

Акрамя таго, пачынаючы з 22 сьнежня, кантактам першага і другога ўзроўняў ня будуць выдаваць бальнічныя. Міністэрства нагадвае, што самаізаляцыя стасуецца выключна тых, хто мае каранавірус.

21 сьнежня Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову аб зьмякчэньні патрабаваньняў да самаізаляцыі для кантактных асобаў першага і другога ўзроўняў і прыежджых. Цяпер карантын абавязковы толькі для тых, каму ў мэдычных установах афіцыйна паставілі дыягназ COVID-19.

Раней у Беларусі на загад Лукашэнкі скасавалі абавязковае нашэньне масак, выключыўшы з санітарных нормаў патрабаваньне насіць маскі пры наведваньні публічных аб’ектаў, арганізацыяў і ў транспарце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія хронікі каранавіруснай эпідэміі ад доктара Мартава