Улады патлумачылі, чаму не скасоўваюць абмежаваньні на выезд зь Беларусі, нягледзячы на тое, што каранавірус нібыта адступае

Менская абласная клінічная лякарня падчас эпідэміі COVID-19. Архіўнае фота

У Беларусі больш за год дзейнічае забарона на выезд з краіны наземным шляхам бяз важкіх прычынаў. Нягледзячы на заявы Міністэрства аховы здароўя пра «адступленьне ковіднай хвалі», абмежаваньні выезду скасоўваць не зьбіраюцца.

Журналіст Zerkalo.io зьвярнуўся ў Міністэрства здароўя з просьбай растлумачыць, ці плянуецца зьняць бар’еры для тых, хто хоча выехаць зь Беларусі праз наземную мяжу.

У ведамстве адказалі, што забарона на выезд з краіны наземным шляхам дзейнічае ў сувязі з пастановай Савету Міністраў № 624 «Аб мерах для перадухіленьня распаўсюду інфэкцыйнага захворваньня». Рашэньне прымалі з улікам рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя і «міжнароднага досьведу».

Разглядаць пытаньне аб зьняцьці або зьмякчэньні абмежаваньняў цяпер не плянуюць.

«Аднак у сувязі са зьменлівай эпідэмічнай сытуацыяй з COVID-19 як у Беларусі, так і ў сумежных краінах магчымае ўнясеньне зьменаў у заканадаўства Беларусі, у тым ліку ў пастанову № 624», — гаворыцца ў адказе Міністэрства здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сярод сусьветных лідэраў у слабасьці захадаў супраць COVID-19

Пры гэтым ведамства раней афіцыйна паведаміла, што «чацьвёртая хваля каранавірусу адступае», у краіне аднаўляюць ложкавы фонд лякарняў, які выкарыстоўвалі для лячэньня пацыентаў з каранавірусам. Абмежаваньні на выезд з краіны ўлады Беларусі ўвялі год таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус можа заставацца ў арганізьме шмат месяцаў і выклікаць зацяжную інфэкцыю. Дасьледаваньне

Каранавірусная лібэралізацыя

Улады ў сьнежні агучылі шэраг захадаў, якія зьмякчаюць ці наагул скасоўваюць каранавірусныя абмежаваньні. Пры гэтым іншыя краіны вяртаюцца да жорсткага локдаўну з улікам імклівага распаўсюду штаму «Омікрон».

Акрамя таго, пачынаючы з 22 сьнежня, кантактам першага і другога ўзроўняў ня будуць выдаваць бальнічныя. Міністэрства нагадвае, што самаізаляцыя стасуецца выключна тых, хто мае каранавірус.

21 сьнежня Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову аб зьмякчэньні патрабаваньняў да самаізаляцыі для кантактных асобаў першага і другога ўзроўняў і людзей, якія прыяжджаюць у краіну.

Гэта тычыцца як беларускіх грамадзянаў, так і іншаземцаў. Цяпер карантын абавязковы толькі для тых, каму ў мэдычных установах афіцыйна паставілі дыягназ COVID-19.

Раней у Беларусі на загад Лукашэнкі скасавалі абавязковае нашэньне масак, выключыўшы з санітарных нормаў патрабаваньне насіць маскі пры наведваньні публічных аб’ектаў, арганізацыяў і ў транспарце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі пайшлі на «каранавірусную лібэралізацыю», калі ў сьвеце ўводзяцца новыя абмежаваньні праз «Омікрон»