Юрыст паўночнакаўказскага філіялу праваабарончай арганізацыі «Камітэт супраць катаваньняў» Абубакар Янгулбаеў паведаміў аб выкраданьні ў Чачні неўстаноўленымі людзьмі ў чорнай форме больш за дваццаць сваякоў па лініі маці і бацькі, а таксама іх родных.
Раней прапуцінскі кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў публічна заявіў, што браты Янгулбаевы могуць мець дачыненьне да мадэрацыі тэлеграм-каналу апазыцыйнага руху 1ADAT.
Як распавёў Абубакар, выкраданьні адбыліся 23-25 сьнежня ў вёсцы Гойты Урус-Мартанаўскага раёну і ў Грозным. Гаворка ідзе аб сваяках па бацьку — Янгулбаевых і сваяках па маці — Мусаевых. Затрыманых забралі людзі, якія не прадстаўляліся, у чорнай форме, якія павезьлі іх у аддзелы паліцыі. Апроч пашпартоў і тэлефонаў, у іх забралі дакумэнты на нерухомасьць.
«Нейкіх афіцыйных абвінавачаньняў ім не прад’яўлена. На гэты момант, паводле маіх зьвестак, выкрадзены 21 чалавек. На гэты момант у Чачні ідзе масавае выкраданьне сваякоў апазыцыйных блогераў, праваабаронцаў, у цэлым людзей, незадаволеных рэжымам Кадырава», — адзначыў Абубакар Янгулбаеў.
Ён дадаў, што сярод набліжаных кіраўніка Чачні яго і ягонага брата Ібрагіма Янгулбаева лічаць мадэратарамі і адміністратарамі канала руху 1ADAT.
«Па факце гэта не так. Але кадыраўцы вырашылі ўзьдзейнічаць на мяне праз сваякоў, якія жывуць у Чачні», — кажа Абубакар Янгулбаеў.
Раней паведамлялася аб выкраданьні трох блізкіх сваякоў апазыцыйнага блогера Тумса Абдурахманава, якія пражываюць у Чачні. Напярэдадні ён ужо паведамляў аб затрыманьні ў рэспубліцы некалькіх родных. Затым ён распавёў аб выкраданьні двух сваякоў яго жонкі.
Праваабарончая асацыяцыя «Вайфонд» паведаміла аб выкраданьні сваякоў свайго заснавальніка Мансура Садулаева. Дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Center Ichkeria Аслан Арцуеў, які жыве ў Нямеччыне, паведаміў аб затрыманьні чачэнскімі сілавікамі чатырох яго сваякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьбіраюцца будаваць мячэць імя Ахмата Кадырава, бацькі цяперашняга прэзыдэнта Чачні