У Наваградку ўлады заплянавалі забудову, якая закрые панараму гістарычнага цэнтру

Наваградзкія краявіды

Жыхары старажытнага гораду заклікаюць змагацца за захаваньне гістарычнага выгляду. Яны кажуць, што забудова закрые панараму на горад з Замкавай гары, папулярнай у турыстаў.

«Неўзабаве знакаміты старажытны наваградзкі краявід, панарама магутнай прыроды, якая адкрываецца з Замкавай гары, можа зьнікнуць назаўсёды. Панараму перакрыюць сучасныя 4-6-павярховыя „хрушчоўкі“. Гэта вынікае з новага генэральнага пляну. Ён яшчэ канчаткова не прыняты, і мы маем шанец перашкодзіць зьнішчэньню», — напісана ў звароце, які распаўсюдзілі жыхары, інфармуе BPN.

Паводле іх зьвестак, улады плянуюць пабудаваць 17 новых дамоў. Гэта плян існуе яшчэ з 2016 году.

«Па-першае, гэта перакрые гістарычную панараму з Замкавай гары, там усе фатаграфуюцца. 30% панарамы будзе „забруджана“ гэтымі забудовамі. Па-другое, гэта цягне за сабой удар па колькасьці будучых турыстаў, бо людзі прыяжджаюць паглядзець на нешта прыгожае», — распавёў адзін з ініцыятараў звароту, які пажадаў застацца ананімным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадкавы Наваградак. Забытая сэнсацыя. ВІДЭА

Жыхар Наваградку адзначыў, што празь нейкі час можа паўстаць пытаньне пра ўключэньне Наваградка ў сьпіс ЮНЕСКА, бо ў горадзе вялікая колькасьць гістарычных і культурных месцаў.

«ЮНЕСКА вельмі ахвотна ўключае ў свой сьпіс такія прыродна-гістарычныя ансамблі. Нашмат больш ахвотна, чым нейкія асобныя аб’екты. Я ўпэўнены, што Наваградак будзе прэтэндаваць на гэта. І гэтая забудова, вядома, моцна перашкодзіць», — упэўнены суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У людзей вочы раскрыліся». Як жыве пратэставы Наваградак, калі пратэстаў не відаць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Панічкі і ягамосьці. Мода на беларускіх вуліцах 100 гадоў таму